Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 07 Ліпень 2022

Мікалай Статкевіч напісаў заяву на адзіночнае ўтрыманне ў Глыбоцкай калоніі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Гэта стала вядома з лістоў палітвязня, якога этапавалі адбываць пакаранне ў папраўчую калонію асаблівага рэжыму №13 у Глыбокім. Паводле Марыны Адамовіч, жонкі зняволенага апазіцыйнага палітыка, гэта не стала нечаканасць, бо глыбоцкая ПК – гэта адзіная калонія ў Беларусі, дзе ўтрымліваюцца асуджаныя да асаблівага рэжыму, асуджаныя да пажыццёвага ўтрымання або паўторна за цяжкія злачынствы.

Да 22 чэрвеня Статкевіча трымалі ў Гомельскім СІЗА, потым этапавалі ў Глыбокае праз Віцебск, пэўны час ён знаходзіўся ў віцебскім СІЗА-2. З 24 чэрвеня ён знаходзіцца ў каранціне глыбоцкай калоніі. У першы ж дзень яго паставілі на ўлік, як схільнага да экстрэмізму.

Мікола Статкевіч адразу напісаў заяву на адзіночнае ўтрыманне з сувязі з пагрозамі ад адміністрацыі і супрацоўнікаў, распавяла Марына Адамовіч Беларускаму Радыё Рацыя:

«Гэта дастаткова звычайны падыход, бо ён мае ўжо вялікі жыццёвы досвед таго, што з ім выпадковыя людзі ніколі не сядзяць, і што наяўнасць гэтых выпадковых людзей стварае не толькі пагрозу (бо гэтыя людзі знаходзяцца пад поўным кантролем адміністрацыі), але яны яшчэ пішуць заявы аб тым, што Мікола прызнаваўся ім у нейкіх тым злачынствах. У апошнім лісце дарэчы ён узгадаў, што адзіны з яго мінулых сукамернікаў напісаў заяву, што Мікола прызнаўся яму, што нібы ўтварыў нейкае злачынства. Мікалай зрабіў вельмі цяжкі выбар, і для мяне цяжка сябе ўявіць – чалавек, які ўжо 2 гады знаходзіцца адзін вырашаецца такім рашучым спосабам працягваць свой уласны супраціў».

Мікалай Статкевіч быў асуджаны да 14-ці гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя масавых беспарадкаў). Яго затрымалі 31 траўня 2020 году ў Менску, калі ён збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Па затрыманні апазіцыйнага палітыка двойчы каралі арыштамі па адміністрацыйных справах, і на волю ён больш не выйшаў. Больш за год цягнулася следства, і прысуд палітыку быў вынесены толькі 14 снежня 2021 году. Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала яго палітычным зняволеным.

Глыбоцкая калонія №13 (яна мае «народную» назву «Беразвечча» – паводле назвы вёскі, якая раней не ўваходзіла ў межы райцэнтру) вядомая вельмі суровымі ўмовамі для зняволеных. Асаблівы рэжым утрымання, да якога асуджаны Мікалай Статкевіч, прадугледжвае шэраг абмежаванняў, што да сустрэчаў з роднымі, перадач, шпацыраў т г.д. Палітык быў пакараны зняволеннем менавіта ў такіх умовах. Бо па беларускім заканадаўстве ён «рэцыдывіст»: у 2005-м годзе ён быў асуджаны на тры гады абмежавання волі за арганізацыю вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. Па амністыі тэрмін быў скарочаны на год. Пазней палітык вылучыўся кандыдатам на прэзідэнцкія выбары 2010-га году. Быў затрыманы 19 снежня пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і змешчаны ў СІЗА КДБ. За «арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх» быў асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў магілёўскай «крытай турме» і шклоўскай калоніі № 17, быў вызвалены праз памілаванне.

Феліцыян Красоўскі