Серада, 29 Чэрвень 2022

На палітвязня Дзмітрыя Сушчыка ціснуць у аршанскай калоніі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Дзмітрый Сушчык Дзмітрый Сушчык

Дзмітрыя Сушчыка, асуджанага да пазбаўлення волі на паўтара года, сёлета ў красавіку накіравалі ў аршанскую калонію № 8. У чэрвені 2022-га яго змясцілі ў ПКТ і на дзевяць месяцаў пазбавілі спатканняў і тэлефанаванняў. Таксама, як і іншыя палітзняволеныя, ён мае праблемы з ліставаннем – яму не перадаюць лісты ад родных і сяброў.

Нягледзячы на абмежаванні, праваабаронцы раяць па-ранейшаму дасылаць лісты асуджанаму, бо гэта ўплывае на стаўленне да яго ў калоніі – адміністрацыя бачыць, што ён мае падтрымку на волі.

Жыхар Навагрудку Дзмітрый Сушчык быў затрыманы ў лістападзе 2021 году. Паводле звестак праваабаронцаў, супрацоўнікі ГУБАЗіКа павезлі яго не ў РАУС, а ў лес, запалохвалі пагрозамі жыццю і здароўю, а потым літаральна праз гадзіну пасля затрымання, было запісанае «пакаяльнае» відэа. На ім Дзмітрый прызнаецца, што «распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы і абражаў прэзідэнта». Супраць Дзмітрыя Сушчыка завялі крымінальныя справу па ч. 1 арт. 368 (Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і арт. 370 (Здзек з дзяржаўных сімвалаў). Падставай сталі рэпосты матэрыялаў, прызнаных у Беларусі экстрэмісцкімі, а таксама за каментары, якія ён размяшчаў у інтэрнэце.

З Дзмітрыя Сушчыка ўзялі падпіску аб нявыездзе. 17 лютага 2022 году ён быў затрыманы расейскімі памежнікамі, калі спрабаваў выехаць з Беларусі. 2 сакавіка 2022 году суд Навагрудскага раёну прызнаў Дзмітрыя вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь») і прысудзіў яму 1,5 года пазбаўлення волі. Таксама суд прызнаў яго вінаватым у апаганьванні сцяга і герба Беларусі, прысудзіўшы па гэтым артыкуле 1 год пазбаўлення волі. Па сукупнасці пакаранняў шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім у канчатковым выніку Дзмітрыю прысудзілі 1,5 года калоніі агульнага рэжыму.

У аршанскай калоніі № 8, куды ён быў накіраваны адбываць пакаранне, для палітвязня стварылі цяжкія ўмовы існавання. Блізкія просяць падтрымаць Дзмітрыя Сушчыка лістамі: нават калі яны не трапяць да яго цяпер, адміністрацыя абавязана аддаць іх пазней.

Адрас для лістоў: ПК №8. 211388, Віцебская вобл., г. Орша, вул. Леніна, 195А Сушчыку Дзмітрыю.

Юрка Жмых