Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 16 Май 2022

Лідар аршанскай суполкі прафсаюзу РЭП Васіль Бераснеў прызнаны палітвязнем

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Васіль Бераснеў Васіль Бераснеў

13 траўня беларуская праваабарончая супольнасць выступіла з заявай аб прызнанні палітычнымі зняволенымі 10-ці актывістаў незалежнага прафсаюзнага руху. Сярод іх – Васіль Бераснеў, кіраўнік аршанскай суполкі прафсаюзу РЭП, затрыманы 19 красавіка 2022 году ў шэрагу іншых прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў. Яго ўтрымліваюць у менскім СІЗА-1.

Паводле папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуюць арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Для Васіля Бераснева гэта першая крымінальная справа, хаця падобнае абвінавачанне супраць яго было выстаўленае яшчэ за ўдзел у аршанскім «Маршы недармаедаў» у 2017-м годзе. Тады яго асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34, ён адбыў 14 сутак арышту ў ІЧУ Воршы. Яшчэ раней за ўдзел у так званым несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве Васіль Бераснеў адбываў адміністрацыйны арышт у 2006-м годзе.

Спадар Бераснеў – чалавек, якога добра ведаюць на Аршаншчыне. У 1980-я гады ён быў дырэктарам сельскагаспадарчай вучэльні ў Высокім (мястэчка пад Воршай) і нават кіраўніком Аршанскага райсавету. Аднак пасля таго, як да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, Бераснеў пакінуў дзяржаўныя пасады і прыйшоў у дэмакратычны рух.

З 2016-га году ён кіраваў аршанскай прафсаюзнай суполкай РЭП, якая дзейнічала на тэрыторыі Дубровенскага, Талачынскага і Сенненскага раёнаў Віцебскай вобласці. Юрыдычная служба прафсаюзу дапамагала ў вырашэнні праблем з працаўладкаваннем, незаконнымі звальненнямі, нявыплатамі заробкаў, іншымі працоўнымі спрэчкамі. Апрача працы ў прафсаюзе, Васіль Бераснеў займаўся праваабарончай дзейнасцю. У Аршанскім рэгіёне ён быў прадстаўніком Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага абʼяднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт», якое, па рашэнні Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь, было ліквідаванае 30 верасня 2021 году.

Юрка Жмых