Субота, 12 Люты 2022

«Сіл ужо амаль не засталося...» Просім падтрымаць палітзняволеную Эму Сцепулёнак лістамі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У адным з віцебскіх тэлеграм-каналаў  днямі быў размешчаны ліст ад 68-гадовай пенсіянеркі, былой настаўніцы найвышэйшай катэгорыі з Мёраў, якую  ўтрымліваюць у Віцебскім СІЗА-2. Змест кароткага ліста ад 31 студзеня сведчыць пра тое, што ў жанчыны тужлівы настрой і што яна вельмі спадзяецца на сяброўскую падтрымку.

«Сіл ужо амаль не засталося... Нічога не хачу, лепш было б, каб забілі мяне дзе-небудзь у глухім лесе, чым гэтыя здзекі. Заканчваю...» – піша ў лісце палітзняволеная Эма Сцепулёнак.

Эма Сцепулёнак дзякуе ўсім за ліставанне, але адзначае, што лістоў стала меней. На яе думку, людзі стаміліся і не маюць  веры, што ўсё зменіцца да лепшага. Аднак паводле тых, хто стала лістуецца з Эмай Антонаўнай, лісты за краты часам не даходзяць, а часам не даходзяць на волю і допісы ад палітзняволенай.

Нешта падобнае адбываецца і з перадачамі, якія для Эмы Сцепулёнак збіраюць у Віцебску. Неабходныя рэчы і прадукты для палітзняволенай у СІЗА-2 перадавалі і дасылалі мінімум 4 разы, але з лістоў вынікае, што трапляюць да яе далёка не ўсе перадачы.

З ранейшых допісаў ад спадарыні Сцепулёнак было вядома, што ў зняволенні ў яе пагоршыўся зрок, часта падвышаецца ціск, і ёсць праблемы з атрыманнем медычнай дапамогі. Жыхары Віцебску, заклапочаныя лёсам палітзняволенай, просяць усіх неабыякавых людзей  падтрымаць Эму Антонаўну лістамі.

Склалася так, што былая настаўніца ўсё сваё жыццё аддала школе і не мае ўласнай сям’і. Яна дапамагала сястры выхоўваць пляменнікаў, але цяпер яны далёка –  у Санкт-Пецярбурзе. Таму на падтрымку родных яна разлічваць практычна не можа, і застаецца спадзявацца хіба толькі на салідарнасць беларусаў.

Верагодна, ужо ў лютым Эму Сцепулёнак будуць судзіць. Яе вінавацяць у распальванні сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Жанчына была затрыманая 29 верасня 2021 году за каментары ў сацсетках пасля забойства ў Менску супрацоўніка КДБ («справа Зельцара»).

Падтрымайце палітзняволеную лістамі, напісаўшы на адрас: Эме Антонаўне Сцепулёнак , СІЗА-2, кам. 20, вул. Гагарына, 2, г. Віцебск, 210026. 

Феліцыян Красоўскі