Пятніца, 31 Снежань 2021

Праваабаронцы прызналі палітвязнем жыхара Віцебску Аляксандра Васіна

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

27 снежня праваабарончыя арганізацыі Беларусі заявілі аб прызнанні васьмі чалавек палітвязнямі. Сярод іх - віцяблянін Аляксандр Васін, асуджаны на 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу за абразу супрацоўніка міліцыі. Цяпер ён адбывае пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу №55, якая знаходзіцца ў Менску. 

Паводле абвінавачання, 15 мая 2020 года Аляксандр Васін у «Аднакласніках» змясціў пад публікацыяй з фотаздымкамі супрацоўніка міліцыі ў форменным абмундзіраванні абразлівы каментар. У судовым паседжанні віну Аляксандр прызнаў цалкам і раскаяўся ў зробленым. Ён матываваў свой учынак тым, што здзейсніў яго пасля прачытання негатыўных каментароў да дадзенай публікацыі.

3 жніўня ў судзе Першамайскага раёну гораду Віцебску паводле арт. 369 КК яго прызналі вінаватым. Суддзя Міхаіл Юрчанка прысудзіў яго да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ («хімія»).

Аляксандр Васін выплаціў пацярпеламу працаўніку міліцыі матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 800 рублёў.

Адрас для лістоў: папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №55. 220021, г. Мінск, вул. Сацыялістычная, 7.

Віталь Кажух