Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 11 Красавік 2021

«Для ахоўнікаў мы – быдла». Палітвязень Міхаіл Беркас выйшаў на волю Абраны

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Міхаіл Беркас Міхаіл Беркас

10 красавіка на волю выйшаў аршанскі палітвязень Міхаіл Беркас. За графіці «Жыве Беларусь», «3%» і іншыя, нанесеныя на будынкі і збудаванні, ён быў асуджаны на 1 месяц арышту па артыкуле 341 КК «Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці». Пакаранне 21-гадовы хлопец адбываў у віцебскім СІЗА-2.

Усяго ў віцебскім следчым ізалятары палітвязень адбыў 20 сутак. Да этапавання ў абласны цэнтр ён правёў 5 сутак арышту ў Воршы, і яшчэ 6 сутак – адразу пасля затрымання, яны былі залічаныя ў тэрмін.

У віцебскім ізалятары, як і многіх палітвязняў у нашай краіне, Міхаіла паставілі на прафілактычны ўлік.

«Усіх, хто звязаны з палітыкай ставяць на ўлік як схільных да экстрэмізму. Раз пяць на дзень падыходзяць да «кармушкі» і пытаюцца, хто стаіць на ўліку. Ты называеш сваё поўнае імя, імя па бацьку, прозвішча, артыкул і гэтак далей – напружвае гэта жудасна», – расказаў пасля вызвалення Міхаіл Беркас.

Палітвязня адразу папярэдзілі, каб у камеры «нічога такога не рабіў, каб нікога не пад'юджваў і не агітаваў».

Знаходзіўся ён у камеры са звычайнымі арыштантамі: «хтосьці скраў што-небудзь, хтосьці быў за рулём пʼяны, хтосьці не выплаціў аліменты».

Некаторыя наглядчыкі ставіліся з разуменнем і спачуваннем, цікавіліся, ці не білі яго іншыя супрацоўнікі. Але былі і тыя, хто ставіўся вельмі негатыўна і са здзекам пытаўся: «Ну што, будзеш яшчэ нейкія надпісы наносіць?». Цікавіліся, колькі ж заплацілі за стварэнне графіці. Калі даведваліся, што ніхто нічога не плаціў, казалі што ён не ў сваім розуме, раз трапіў за краты «за бясплатна».

Наагул, умовы ўтрымання ў ізалятары зносныя, але былі і непрыемныя моманты, зазначае былы палітвязень.

«Ну, калі ты нешта не зразумеў, то чуеш крыкі і мацюкі. Пра ветлівае стаўленне і гаворкі не ідзе. Я так разумею, што там гэта норма – ставіцца да зняволеных як да жывёл. Але я быў там першы раз, і для мяне гэта было дзікунствам. Мы ж усе людзі! Аднак для ахоўнікаў мы былі быдлам», – кажа Беркас.

Распавядае, што было шмат прыдзірак і незразумелых патрабаванняў.

«Мне гэта нагадала канцлагеры, дзе было шмат правілаў, многія супярэчылі адзін аднаму, і ў выніку зняволеныя не маглі іх цалкам выконваць і ўвесь час іх за гэта каралі. Тут тая ж песня. Напрыклад, у адной камеры матрацы мусяць быць скручанымі, у другой, наадварот, разасланыя, а ў трэцяй – павінны ляжаць на адной шконцы... і гэтак далей», – расказвае Міхаіл Беркас.

Пра свой учынак і пра тое, што трапіў за краты, не шкадуе: «Гэта быў абдуманы ўчынак, я выказаў свой пратэст».

Уладзімір Бяляўскі