Аўторак, 23 Сакавік 2021

Палітвязень Уладзіслаў Макавецкі з «Воўчых нор»: Ведаю, што ўсё хутка зменіцца...

Ацаніць гэты матэрыял
(8 галасоў)
Лісты з няволі ад палітвязня Уладзіслава Макавецкага Лісты з няволі ад палітвязня Уладзіслава Макавецкага

«Віцебская Вясна» сустрэлася з маці мастака і палітвязня Уладзіслава Макавецкага, асуджанага ў студзені 2020 году на два гады калоніі за гвалт у дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў (арт. 364 КК). Пасля 5 месяцаў, праведзеных у віцебскім СІЗА-2, палітвязня этапавалі ў івацэвіцкую калонію № 22 – так званыя «Воўчыя норы». «Няхай растане гэты стары снег!» – піша адтуль Уладзіслаў.

Адаптуецца да новага рэжыму

У сакавіку першы ліст з івацэвіцкай калоніі ад Уладзіслава Макавецкага атрымала ягоная маці Наталля. За гэты час яна адправіла да сына тры лісты, два з якіх Уладзіслаў ужо атрымаў.

Ліст да маці палітвязень заканчвае так: «Вясновага настрою! Няхай ад нашых цёплых пачуццяў растане гэты стары брудны снег. Няхай прыйдзе вясна ў нашыя душы!»

Мама палітвязня расказала, што нядаўна ёй дазволілі першую тэлефонную размову з сынам. Ён паведаміў, што да дня народзінаў, які святкаваў 16 сакавіка, атрымаў шмат лістоў і віншаванняў з волі. Расказаў, што толькі нядаўна выйшаў з каранціну, прызвычайваецца і адаптуецца да новага рэжыму, да новых умоваў і працы.

«Мы такімі не былі, а цяпер сталі»

З маці, жонкай, сябрамі Ўладзіслаў ліставаўся і з СІЗА. Вось некалькі вытрымак з ягонай перапіскі.

«У мяне ўсё добра. Людзі падтрымліваюць, пішуць шмат добрых лістоў. Пішуць, што беларусы сталі адным цэлым. Мы такімі не былі, а цяпер сталі. Наша сіла ў праўдзе».

«Ведаю, што ўсё хутка зменіцца. Прынцыпаў сваіх я не мяняў. Не адракаюся ад сваіх перакананняў: вольны той – хто думае свабодна».

«Чытаю «Боскую камедыю». Не ведаю, ці знайшоў бы дома час на Дантэ..».

«Тут усё, як у Рэя Брэдберы («Нязмоўклы гадзіннік, здавалася, аплакваў няўмольную хаду хвілінаў няветлай раніцы і яшчэ больш няветлага году) ці дзень сурка…»

«Стаў заўважаць дробязі, якія не ўспрымаў усур’ёз. Карацей кажучы – пераасэнсаванне каштоўнасцяў».

Малюнкі на волю

Уладзіслаў – мастак, разьбяр, натура творчая і няўрымслівая. Нават турэмныя краты не ў стане згасіць прагу творчасці. З СІЗА ён даслаў некалькі малюнкаў з гістарычнымі сюжэтамі: рыцары, князі, самурай. Не забыў і пра малодшага брата, для якога намаляваў танк і вайсковую машыну.

«Мне галоўнае ведаць, што ты жывы і здаровы»

Перажыць зняволенне сына нялёгка. Змірыцца з несправядлівасцю яшчэ цяжэй. Маці распавядае, што ў размове з сынам сказала яму: «Мне галоўнае ведаць, што ты жывы і здаровы».

Наталля спадзяецца, што сын адужыць выпрабаванні, якія на яго зваліліся. Кажа, што Ўлад моцны, валявы чалавек. Але для яго вельмі важныя эмоцыі і ўражанні. Ён давярае людзям, лічыць, што добрых людзей – пераважная большасць. Ён шчодры і заўсёды дзеліцца апошнім. Пры гэтым да грошай заўжды ставіцца ашчадна. Заробленае пускаў на культурны адпачынак і на матэрыялы для працы, прафесійныя інструменты.

«З людзьмі гэтак нельга!»

Наталля Макавецкая здзіўленая, чаму ўлада не разумее, што ў асобах родных і сяброў несправядліва асуджаных набывае сабе ворагаў. Калі вялікая колькасць людзей ставілася раней да дзяржавы лаяльна, то цяпер, пасля рэпрэсій і несправядлівых прысудаў, гэтыя людзі сталі яе ворагамі.

«Так, за факт прысутнасці на несанкцыянаваным шэсці Ўладзіслава можна было прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці, але не болей. Дарэчы, за гэта яму далі 10 базавых. Параўнайце. Два гады калоніі майму сыну – і, напрыклад, два гады хатняй хіміі за ненаўмыснае забойства на паляванні. Дзе справядлівасць? З людзьмі гэтак нельга! Людзі разумеюць, што гэта ненармальна, што гэтак не павінна быць. Пакаранне мусіць быць сувымернае ступені здзейсненага парушэння», – перакананая Наталля Макавецкая.

Малюнак Макавецкага з подпісам: «Малюнак самурая як сімвал нязломнасці духу»

Пры канцы сустрэчы спадарыня Наталля выказала ўдзячнасць усім неабыякавым беларусам за словы падтрымкі, за лісты да сына ды іншых палітвязняў.

Па стане на 23 сакавіка ў Беларусі прызнаныя палітычнымі зняволенымі 288 чалавек. Яны чакаюць нашых лістоў.

Напісаць ліст палітвязню можна на адрас: Макавецкаму Уладзіславу Віктаравічу, ПК №22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20

С. Горкі