Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 22 Чэрвень 2020

Палітвязень Жамчужны: Выносіць парушэньні перасталі, пакараньняў не было

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Палітвязень Міхаіл Жамчужны скардзіцца на тое, што пасьля прыбыцьця ў Горацкую калёнію зь Віцебскага абласнога СІЗА №2 перапіска з аднадумцамі і калегамі-праваабаронцамі так і не наладзілася. Ён працягвае адстойваць свае правы ў судах і падрыхтаваў індывідуальную скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН.

«З апошняга ліста ад палітвязьня я зразумеў, што маё пасланьне, якое было адпраўленае ў Горацкую папраўчую калёнію, Міхаіл Ігаравіч не атрымаў», – кажа віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік. Зь ягоных словаў, гэта ня першы выпадак, калі з палітвязьнем на доўгі час спыняецца камунікацыя.

У лісьце да праваабаронцы Міхаіл Жамчужны паведаміў, што працягвае высьвятляць сытуацыю, якая ўзьнікла вакол яго асабовага рахунку. Калі палітвязень знаходзіўся ў СІЗА №2, яму на рахунак былі пераведзеныя грошы для забесьпячэньня неадкладных патрэбаў у абароне правоў і законных інтарэсаў. Па прыбыцьці ў калёнію ён не пабачыў на рахунку пераказанай сумы.

«Справа ў тым, што я на сваім асабовым рахунку гэтых грашовых сродкаў ня выявіў. Для задавальненьня бягучых патрэбаў грошы мне пакуль не патрэбныя, але разабрацца з сытуацыяй, якая ўзьнікла, вельмі неабходна», – піша Жамчужны.

Палітвязень глыбока перакананы, што пры расьсьледаваньні крымінальнай справы, па якой ён цяпер адбывае пакараньне, сьледзтвам былі парушаныя яго працэсуальныя правы. Да гэткіх высноваў Жамчужны прыйшоў абагульніўшы факты, прапісаныя ў прысудзе ды іншых дакумэнтах, да якіх ён мае доступ. Грунтуючыся на цьвёрдым падмурку фактычных дадзеных, замацаваных у дакумэнтах, ён прыняў рашэньне зьвярнуцца ў міжнародныя арганізацыі, якія маюць паўнамоцтвы разглядаць індывідуальныя скаргі грамадзян Беларусі.

«Рыхтую заяву ў Камітэт па правах чалавека. Яна ўжо практычна напісаная, але патрэбны час для ўдакладненьня некаторых дэталяў», – паведамляе калегам-праваабаронцам палітвязень.

Жамчужны настойліва дамагаецца выніковага расьсьледаваньня крымінальнай справы па крадзяжы каштоўнага абсталяваньня, якое ён вырабіў і якое працуе на шэрагу абласных прадпрыемстваў. Аднак расьсьледаваньне прасоўваецца марудна, а значная частка матэрыялаў справы былі зьнішчаныя работнікамі суду.

«За парушэньне закону ў гэтай справе былі пакараныя: пракурор Віцебску, тры сьледчыя з Віцебскага гарадзкога сьледчага камітэту. Аб пакараньні судзьдзяў паведамлю, калі даведаюся...» – піша Жамчужны.

Не зьмяніліся дыскрымінацыйныя падыходы адміністрацыі калёніі ў дачыненьні да Жамчужнага. Яны асноўваюцца на дробязных неабгрунтаваных прыдзірках да яго, а ў выніку – на фіксацыі фактаў парушэньня рэжыму адбыцьця пакараньня.

«Ад 24-га да 29 красавіка мне штодзень выносілі парушэньні. 29.04.2020 я ўсё абскардзіў адразу ў жорсткай форме. Выносіць парушэньні спынілі, пакараньняў не было», – паведамляе ў лісьце Міхаіл Жамчужны.

Піша таксама, што яму пакуль не атрымліваецца прарвацца на старонкі незалежных беларускіх выданьняў. Чаму так – Жамчужны ня ведае, але не спыняе спробаў надрукавацца на старонках «Народнай волі» і «Свободных новостей».

Як заўсёды, Міхаіл Ігаравіч паведамляе пра тое, што са здароўем у яго ўсё ў парадку. Мае баявы настрой, захоўвае бадзёрасьць духу.

«Прывітаньні і падзякі ўсім маім абаронцам! Я нікога і нічога не забуду, толькі прашу: беражыце сябе!» – просіць калег палітвязень.

Лявон Яфрэменка

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.