Чацвер, 05 Кастрычнік 2017

Палітвязень Жамчужны: альбо ў «крытку», альбо ў ШЫЗА

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Міхаіл Жамчужны Міхаіл Жамчужны

На пачатку кастрычніка скончыўся месячны тэрмін знаходжаньня палітвязьня ў памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ, або «крытка»). І ён ня ведае, дзе будзе далей адбываць прызначаныя судом шэсьць з паловай гадоў зьняволеньня, зь якіх ён адседзеў ужо амаль палову.

Пра апошнія падзеі знаходжаньня Жамчужнага ў папраўчай калёніі № 9 (г. Горкі) віцебскія праваабаронцы даведаліся з атрыманага імі надоечы ліста зь няволі. За месяц ізаляцыі ў ПКТ Міхаіл Ігаравіч удастоіўся ўвагі з боку кантралюючых органаў. Умовамі яго ўтрыманьня цікавіліся і падпалкоўнік з Дэпартамэнту выкананьня пакараньня, і пракурор Магілёўскай вобласьці.

Такая цікавасьць да асобы Жамчужнага была выкліканая, на яго думку, запытамі з боку Андрэя Бандарэнкі, дырэктара праваабарончай арганізацыі «Прыватная інфармацыйная ўстанова «"Нью платформ інавэйшан"». Як мяркуе палітвязень, запыты Бандарэнкі аказалі нязначнае, але станоўчае дзеяньне. «Адміністрацыя калёніі зьвяртаецца на Вы і строга па законе, ізалюе ад кантактаў са спэцкантынгентам», – апісвае ў лісьце вязень рэаліі, якія існуюць ў калёніі. Паводле Міхаіла, сытуацыя стабілізавалася. Першы раз у ПК № 9 яму дазволілі схадзіць у ларок, у якім пашанцавала купіць цытрын.

Але ня ўсё так добра, як хацелася б. Працягваюцца праблемы з атрыманьнем лістоў. Свае ж лісты на волю ён піша вельмі акуратна, вывяраючы ўсе словы і не ўжываючы розныя знакі і выразы, якія могуць не спадабацца цэнзарам. «Ужо зьнішчылі больш за 5 лістоў з прычыны незразумелых цэнзару сымбаляў (смайлікаў), «цынізмаў» і з-за ўжываньня жаргонных словаў». Таму ён просіць сваіх сяброў і калегаў не ўжываць такіх рэчаў у сваіх лістах.

Нягледзячы на ўсе пэрыпэтыі, Міхаіл Ігаравіч працягвае змагацца за свае правы. У сваіх скаргах ён спрабуе расказаць пра відавочныя працэсуальныя парушэньні, якія, на яго думку, прысутнічалі падчас расьсьледаваньня справы. Так, палітвязень паведамляе наглядным інстанцыям пра сэрыю падробак рэчыўных доказаў, фальшаваньне вынікаў экспэртызаў, тэндэнцыйны мантаж аўдыё- і відэазапісаў. «Потым мяркую накіраваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН», – дзеліцца палітвязень сваімі плянамі з калегамі-праваабаронцамі.

У заключэньне ж свайго ліста віцебскім праваабаронцам Міхаіл Жамчужны традыцыйна паведамляе пра свой выдатны настрой і добрае здароўе, просіць не забываць яго і радаваць душэўнымі лістамі.

Лявон Яфрэменка