Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 05 Лістапад 2012

Павал Севярынец: Ня бойцеся ні Лукашэнку, ні Расею!

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Павал Севярынец Павал Севярынец

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД) Павал Севярынец заклікаў маладых хрысьціянскіх дэмакратаў актыўна працаваць зь людзьмі на карысьць Беларусі. Яго вітаньне было зачытанае на ўстаноўчым зьезьдзе грамадзкай арганізацыі «Маладыя хрысьціянскія дэмакраты» (МХД), які праходзіў 3 лістапада ў Менску. У сваім вітаньні палітык адзначыў, што маладым хрысьціянскім дэмакратам «ёсьць куды прыкласьці свае сілы».

 

«Вы жывяце ў краіне, у якой менш за 50% маладых людзей вераць у Бога. Толькі некалькі адсоткаў моладзі размаўляе на беларускай мове. Беларусь знаходзіцца на адным зь першых месцаў у сьвеце па алькагалізацыі моладзі і па самагубствах сярод маладых людзей. У Беларусі штогод абортамі забіваецца 30 000 дзяцей. Вы жывяце ў краіне нацыянальнага пафігізму і нацыянальнай алькагалізацыі», - заявіў ён.

Севярынец заклікаў заснавальнікаў і сябраў МХД як мага больш актыўна ўдзельнічаць у грамадзкім жыцьці: «Ня бойцеся ні Лукашэнку, ні Расею, ня бойцеся таго, што з вас будуць кпіць і вам будуць перашкаджаць. Бойцеся Бога - і больш нікога». На думку палітыка, поле працы для маладых людзей - гэта каля мільёна беларусаў ва ўзросьце ад 14 да 26 гадоў, «тыя, хто цяпер сьпіваюцца і жывуць у зьле».

Пры гэтым Севярынец, абапіраючыся на ўласны досьвед аднаго са стваральнікаў аб’яднаньня «Малады фронт», параіў маладым людзям «увесь час рухацца наперад». «Крэатыўныя акцыі, падарожжы, пілігрымкі - выкарыстана можа быць усё. Галоўнае - ня стойце на месцы. Памятайце, што вы тыя, хто прыйдзе на зьмену нам і падыме над Беларусьсю бел-чырвона-белы сьцяг», - упэўнены зьняволены палітык.

Свабодны рэгіён