Друкаваць гэтую старонку
Субота, 07 Чэрвень 2014

Жыхары Віцебску патрабуюць вярнуць ім права на правядзеньне пікетаў і мітынгаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Некалькі дзясяткаў жыхароў Віцебску падпісаліся пад калектыўным лістом у Савет Міністраў з просьбай паспрыяць зьмяненьню рашэньня Віцебскага гарвыканкаму №881 ад 10.07.2009 г., якое рэглямэнтуе правілы звароту да ўладаў з заяўкамі на вулічныя акцыі. Віцебчукі просяць таксама, каб Саўмін ініцыяваў зварот у Канстытуцыйны суд дзеля праверкі адпаведнасьці гэтага дакумэнту Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Зварот ініцыяваў каардынатар руху “За свабоду” па Віцебскай вобласьці Хрыстафор Жаляпаў. Ён тлумачыць неабходнасьць гэткіх захадаў поўнай немагчымасьцю правесьці масавыя акцыі з ініцыятывы грамадзкіх актывістаў:

“З часу прыняцьця рашэньня гарвыканкаму №881 актывістам не далі дазволу ні на адзін пікет, ні на адзін мітынг, ні на адзін сход. Прычым ня толькі ў Віцебску, але і ў Воршы, і ў Глыбокім, і ў іншых рэгіёнах. Бо апошнія рашэньні рэгіянальных выканкамаў перапісаныя на ўзор віцебскага: паўсюль патрабуюць, каб разам з заяўкай на акцыю ініцыятары прыкладалі дамовы на абслугоўваньне супрацоўнікамі міліцыі, ЖКГ, а таксама мэдыкамі. Гэтыя структуры ўхіляюцца ад заключэньня дамоваў любымі магчымымі шляхамі. Прыкладам, з гарадзкой паліклінікі нам пэрыядычна адказваюць, што за 2-3 тыдні да плянаванай акцыі ім вядома пра будучую ўспышку сэзонных захворваньняў, і якраз у гэты самы дзень. Дык што, маўляў, вольных работнікаў няма – і супрацоўнічаць з вамі мы ня будзем”.

Змусіць да заключэньня дамоваў праз суды таксама не ўдавалася ні разу, хаця такія працэсы неаднойчы былі і ў Віцебску, і ў Воршы. Дарэчы, якраз у Аршанскім судзе ўпершыню прагучала прызнаньне работнікаў ЖКГ, што яны не аказваюць паслугі паводле замоў прыватных асоб, нават калі апошнія – ініцыятары масавых акцыяў. Высьветлілся, што такія дамовы ня можа заключыць і паліклініка – там таксама ня маюць прэйскуранту на паслугі такога кшталту. Ня мае расцэнак на нейкія паслугі па замовах грамадзян і міліцыя…

Дарэчы, міліцыянты, адмаўляючыся заключаць дамовы, перадусім спасылаюцца на закоанадаўства, а не на рашэньне мясцовых уладаў. Зь міліцэйскіх управаў пішуць, што дамовы будуць заключаць толькі тады, калі будзе дазвол мясцовай адміністрацыі, як патрабуе закон. А не наадварот, як запісана ў рашэньні гарвыканкаму ці райвыканкаму.

Віцебскі актывіст аргкамітэту па стварэньні па стварэньні сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” юрыст Аляксей Гаўруцікаў прааналізаваў рашэньні мясцовых уладаў – ня толькі на Віцебшчыне, але і ў другіх абласьцёх. Высьветлілася, што мясцовыя ўлады выпрацавалі дакумэнты, якія супярэчаць дзеючаму заканадаўству, ня толькі ў Віцебскай вобласьці, але і ў шэрагу раёнаў Гомельшчыны, Магілеўшчыны, Берасьцейшчыны…

“40 з вывучаных мной рашэньняў мясцовых органаў улады рэглямэнтуюць, каб грамадзяне заключалі дамовы папярэдне, перад акцыямі, яшчэ не атрымаўшы на іх дазвол. І толькі 28 рашэньняў маюць зьмест, які адпавядае патрабаваньням заканадаўства і не вымагае ад грамадзяняў нейкіх дадатковых крокаў. Такім чынам, у пераважнай большасьці рэгіёнаў парушаецца права грамадзяніна на публічнае выказваньне ўласных меркаваньняў праз правдзеньне мірных сходаў”.

Віцебскія актывісты першымі зьвярнуліся ў Савет Міністраў, каб адтуль распарадзіліся ўнесьці зьмены ў рашэньне гарвыканкаму. Ранейшыя спробы ініцыяваць гэты працэс былі беспасьпяховыя: з усіх інстанцыяў актывістам адказвалі, што рашэньне прайшло юрыдычную экспэртызу, зацьверджанае, а значыць прызнанае дасканалым.

Праваабарончы цэнтар “Вясна”