Аўторак, 09 Чэрвень 2015

Віцебскі апазыцыянэр працягвае змагацца за права на правядзеньне мірных сходаў у горадзе

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Актывіст партыі КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў ня змог пераканаць Віцебскі гарадзкі выканаўчы камітэт ўнесьці зьмяненьне ў рашэньне ад 10 ліпеня 2009 году № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску», якое, на думку апазыцыянэра, супярэчыць Пастанове Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 сакавіка 2012 году № 207.

Ян Аляксеевіч – адзін зь нямногіх віцебскіх палітычных дзеячаў, які імкнецца рэалізаваць свае палітычныя амбіцыі праз арганізацыю і правядзеньне публічных масавых мерапрыемстваў. Цягам апошніх 7 гадоў у розныя выканаўчыя органы ўлады Дзяржаўцавым і яго таварышамі па партыі было пададзена больш за сотню заяваў на правядзеньне пікетаў, мітынгаў і шэсьцяў ў Віцебску. Аднак намесьнікі адміністрацыяў раёнаў гораду і гарадзкога выканкаму раз-пораз адмаўляюць палітыку ў правядзеньні масавых мерапрыемстваў. Тым самым чыноўнікі парушаюць права Яна і іншых сяброў партыі КХП БНФ на публічны пратэст.

Нарматыўным актам, на які спасылаюцца чыноўнікі, забараняючы апазыцыянэрам ладзіць масавыя мерапрыемствы, было і застаецца рашэньне гарвыканкаму №881. Гэтае рашэньне ня толькі абмяжоўвае заяўнікаў масавых акцыяў у выбары месца правядзеньня, але і абавязвае іх заключаць дамовы з трыма арганізацыямі гораду: міліцыяй, камунальнікамі і паліклінікай. Калі заяўнікі не падаюць уладам разам з заявай усіх неабходных дамоваў, чыноўнік забараняе правядзеньне масавага мерапрыемства.

Дзяржаўцаў, як сьмелы і прынцыповы чалавек ды пасьлядоўны палітык, рабіў неаднаразовыя спробы адстаяць свае правы і законныя інтарэсы і пры адмовах ў правядзеньні масавых акцыяў ня раз падаваў на кіраўнікоў мясцовай выканаўчай улады скаргі ў суды. Але віцебскія суды, якія знаходзяцца ў наўпроставай залежнасьці ад выканаўчай вэртыкалі ўлады, адмаўлялі апазыцыянеру у аднаўленьні яго палітычных правоў.

Адчаяўшыся, Ян Аляксеевіч неаднаразова ладзіў пікеты без дазволу ўладаў – у парушэньне дзейнага заканадаўства. За што, паводле рашэньняў судоў, падвяргаўся штрафаваньню або турэмнаму зьняволеньню.

Тым ня менш палітык ня здаўся. У траўні бягучага году ён зьвярнуўся ня толькі ў гарадзкі выканкам, але і ў гарадзкую і абласную пракуратуры.

Аднак чарговая спроба дамагчыся зьмены рашэньня гарвыканкаму не ўвянчалася посьпехам. З адказу ідэалягічнага аддзелу Віцебскага гарвыканкаму апазыцыянэру вынікае, што рашэньне №881 не супярэчыць дзейнаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

А Віцебская абласная пракуратура паведаміла Яну Аляксеевічу, што рашэньне гарвыканкаму №881 не супярэчыць Пастанове Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 сакавіка 2012 году № 207. З гэтага вынікае, што для правядзеньня масавага мерапрыемства ў Віцебску без удзелу ў ім уладаў трэба выканаць рашэньне №881, што азначае – неабходна заключаць дамовы зь міліцыяй, камунальнікамі і гарадзкой паліклінікай. Інакш кажучы, абласная пракуратура ўсё вярнула ў зыходны пункт. Цяпер апазыцыйны палітык зьбіраецца выходзіць на новы, больш высокі ўзровень – скардзіцца сталічным чыноўнікам.

Сытуацыю з рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму №881 пракамэнтаваў праваабаронца Леанід Сьвецік: «Калі зыходзіць з тэорыі права, то ў артыкуле 35 Канстытуцыі краіны дэкляруецца права на мірныя сходы. Гэтае права гарантуецца дзейным заканадаўствам. Аднак на практыцы жыхарам Віцебску гэтае права рэалізаваць немагчыма, як гэта бачна на прыкладзе спадара Дзяржаўцава».

«Калі прытрымлівацца патрабаваньняў міжнародных дамоваў, якія згодна з артыкулам 8 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прызнаюцца прыярытэтнымі, дзяржава абавязаная спрыяць рэалізацыі правоў і законных інтарэсаў грамадзян, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі і ў яе юрысдыкцыі. Таму было б лягічна, калі б віцебскія ўлады сталі актыўна садзейнічаць грамадзянам у правядзеньні масавых мерапрыемстваў. Напрыклад, калі б кіраўнікі раённых адміністрацыяў і гарадзкога выканкаму праз прамое ўказаньне абавязвалі б кіраўнікоў міліцыі, камунальных службаў і мэдустаноў гораду заключаць дамовы з заяўнікамі масавых акцыяў. Тады б рашэньне гарвыканкаму №881 стала не перашкодай у рэалізацыі права на мірныя сходы ў Віцебску, а актам спрыяньня разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці і палітычнай сыстэмы краіны», – мяркуе Леанід Сьвецік.

Віцебская вясна