Пятніца, 28 Май 2021

Павел Левінаў: праўладныя арганізацыі правялі мітынг з парушэннем закону

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Праваабаронца Павел Левінаў звярнуўся да начальніка аддзелу ўнутраных спраў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску з заявай аб учыненні шэрагам грамадскіх і палітычных арганізацый адміністрацыйнага правапарушэння падчас правядзення 27 мая мітынгу побач з консульствам Латвіі ў Віцебску. Праваабаронца лічыць, што мітынг быў праведзены з парушэннем патрабаванняў дзейнага заканадаўства, і просіць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці арганізатараў і ўдзельнікаў мітынгу.

Пра тое, што ў Віцебску прайшло масавае мерапрыемства, праваабаронца Павел Левінаў даведаўся з рэпартажу на телеграм-канале ATN_NEWS.

На відэа грамадзяне выказалі сваё меркаванне наконт ўчынку латвійскіх чыноўнікаў, якія 24 мая 2021 году ў цэнтры Рыгі, дзе ўсталяваныя сцягі краін-удзельніц чэмпіянату свету па хакеі, знялі дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і вывесілі замест яго нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг Беларусі з выявай на ім герба «Пагоня».

У заяве Павел Левінаў акцэнтуе ўвагу міліцыі на тым, што мітынгоўцы выкарыстоўвалі розныя сцягі, у тым ліку сцягі грамадскіх аб'яднанняў «Беларускі Рэспубліканскі Саюз моладзі» і «Белая Русь», а таксама Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Пры гэтым удзельнікі гучна скандавалі лозунг: «Беларусь - гэта мы!».

Праваабаронца лічыць, што падобнымі дзеяннямі мітынгоўцы парушылі устаноўлены артыкулам 9 Закону "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» парадак правядзення мітынгу. Ён перакананы, што арганізатары і ўдзельнікі мітынгу ўчынілі правапарушэнне, адказнасць за якое прадугледжаная артыкулам 24.23. КаАП і просіць распачаць у дачыненні іх адміністратыўны працэс.

Леон Яфрэменка