Друкаваць гэтую старонку
Субота, 04 Май 2019

Віцебскі гарвыканкам забараніў шэсьце “Несьмяротнага палку” 9 траўня

Ацаніць гэты матэрыял
(10 галасоў)
"Несьмяротны полк" у Менску, 2018 год. Фота: Вадзім Заміроўскі / TUT.BY "Несьмяротны полк" у Менску, 2018 год. Фота: Вадзім Заміроўскі / TUT.BY

Сябры левай партыі “Справядлівы сьвет” падавалі заяўку на правядзеньне ў Віцебску на Дзень Перамогі шэсьця-акцыі “Несьмяротны полк”. Віцебскія ўлады адмовілі ў правядзеньні шэсьця з фармулёўкай “не ўяўляецца магчымым”.

Пра гэта “Віцебскай вясьне” паведаміў актывіст партыі “Справядлівы сьвет” Вадзім Кузьмін, які 4 траўня атрымаў адказ з Віцебскага гарвыканкаму.

“Уключэньне ў плян мерапрыемстваў з нагоды сьвяткаваньня Дня Перамогі шэсьця жыхароў гораду “Несьмяротны полк” не ўяўляецца магчымым. Таму прапануем вам з партрэтамі вэтэранаў вайны далучыцца да акцыі “Беларусь помніць”, якая пройдзе ў Віцебску 9 траўня а 10-й гадзіне”, – гаворыцца ў адказе з гарвыканкаму.

На думку Вадзіма Кузьміна, розьніца паміж акцыямі “Беларусь помніць” і “Несьмяротны полк” невялікая – справа хіба што ў назьве. Дадаў, што абавязкова прыйдзе на плошчу Перамогі 9 траўня.

“Паважаныя жыхары і госьці гораду! У знак усенароднай удзячнасьці пакаленьню пераможцаў запрашаем усіх прыйсьці 9 траўня на плошчу Перамогі з партрэтамі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і далучыцца да рэспубліканскай акцыі памяці “Беларусь помніць”, а таксама разам выканаць песьні, якія кожнаму з нас дарагія: “Поклонимся великим тем годам” і “День Победы”, – гаворыцца ў анонсе акцыі, разьмешчаным на афіцыйным сайце Віцебскага гарвыканкаму.

Нагадаем, што шэсьце-акцыя “Несьмяротны полк” (“Бессмертный полк”) асацыюецца ў Беларусі перадусім з “русским миром”, георгіеўскімі стужкамі і партрэтамі Сталіна. Арганізатарамі шэсьця выступаюць звычайна прарасейскія арганізацыі.

Зьміцер Міраш