Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 26 Красавік 2019

“Царква не ўхваляе”. Віцебскім чарнобыльцам ня далі пусьціць па Дзьвіне вянок смутку

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Чарнобыльскі вянок плыве па рацэ. 2018 год Чарнобыльскі вянок плыве па рацэ. 2018 год

Традыцыя пускаць жалобны вянок па Дзьвіне ў Дзень чарнобыльскай трагедыі існавала ў Віцебску больш за 15 гадоў. Сёлета віцебскія вэтэраны Чарнобылю хацелі перадаць гэтую традыцыю маладым і зьвярнуліся па дапамогу ў Віцебскі гарвыканкам. Улады спачатку абнадзеілі, а потым паведамілі, што апускаць вянок нельга – не ўхваляе царква…

У Віцебску ад 2016 году праводзяцца афіцыйныя імпрэзы, прысьвечаныя чарнобыльскай трагедыі – жалобныя малебны ва Ўсьпенскім саборы, удзел у якіх бяруць і прадстаўнікі гарадзкіх уладаў. Летась, пасьля афіцыйнага малебну, вэтэраны-чарнобыльцы спусьціліся да Дзьвіны і апусьцілі ў раку жалобны вянок з надпісам “Заўчасна памерлым чарнобыльцам – ад нас, жывых. Вечная памяць!” Такая сымбалічная акцыя ладзілася ў Дзень чарнобыльскай трагедыі цягам многіх гадоў. Аднак сёлета пасьля малебну вэтэраны адразу пачалі разыходзіцца па дамах.

“Вянку ня будзе. Улады сказалі, што вянок нельга апускаць…” – з горыччу паведаміў 78-гадовы вэтэран Чарнобылю Анатоль Гнеўка.

Больш падрабязна аб тым, чаму гарадзкія ўлады адмовілі ў правядзеньні жалобнай акцыі, расказаў яшчэ адзін віцебскі ліквідатар-чарнобылец Аляксандар Мікулін.

“Два тыдні таму мы хадзілі ў аблвыканкам, а потым у гарвыканкам і прасілі, каб у плян мерапрыемстваў уключылі нашую сымбалічную дзею. Але папрасілі, каб сёлета вянок апусьцілі маладыя людзі, курсанты МНС. Такім чынам хацелі перадаць традыцыю маладым. І спачатку нам адказалі, што няма праблемаў. Але пазьней з аддзелу ідэалёгіі гарвыканкаму патэлефанавалі Сяргею Іконьнікаву і сказалі, што вянок апускаць нельга: не ўхваляе царква, маўляў, у Страсную пятніцу нельга”, – распавёў Аляксандар Мікулін.

Раней былыя ліквідатары аварыі на ЧАЭС ладзілі сваю сымбалічную акцыю ў Віцебску, ня просячы ні дапамогі, ні дазволу ўладаў.

У 2018 годзе віцебскія журналісты зьнялі дакумэнтальную стужку пра вэтэранаў-ліквідатараў Анатоля Гнеўку і Сяргея Іконьнікава. Фільм "Сам-насам з памяцьцю" можна цяпер паглядзець у інтэрнэце.  

Зьміцер Міраш