Аўторак, 07 Лістапад 2017

Віцебск: Сябры “Справядлівага сьвету” ўсё ж правялі мітынг на плошчы Леніна

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Як вядома, адміністрацыя Кастрычніцкага раёну Віцебску забараніла гарадзкому камітэту мясцовай арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы сьвет” праводзіць мітынг, прымеркаваны да стогадовага юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі. Аднак, не зважаючы на забарону, мітынг адбыўся, пасьля чаго да помніку Леніну ўсклалі вянок ды кветкі.

Акрамя чальцоў “Справядлівага сьвету”, якім раённыя ўлады дазволілі ўскладаць кветкі да помніку Леніну, на плошчы ў гэты час былі заўважаныя віцебскія сябры Ўсесаюзнай камуністычнай партыі бальшавікоў, Камуністычнай партыі Беларусі, БРСМ ды простыя грамадзяне.

Як для сьвята, чырвоных сьцягоў было замала – усяго два. Дый, шчыра кажучы, сьвяточнага настрою не адчувалася, хіба што ён быў у душах прыхільнікаў сьвяткаваньня юбілею. Але некалькі прыемных момантаў для прысутных на плошчы ўсё ж здарылася.

Па-першае, відаць, большасьць не чакала, што нехта наважыцца выступіць, хаця адчувалася, што выступу чакалі. Таму калі старшыня абласной партыйнай арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы сьвет” Мікалай Селівашка пачаў прамову, у натоўпе пачуліся пытаньні: “А хто гэта такі? Зь якой партыі?”

У многім пачатак выступу адпавядаў рыторыцы, знаёмай зь дзяцінства: «Пераможная сацыялістычная рэвалюцыя, зьдзейсьненая працоўным клясам Расеі ў саюзе з найбяднейшым сялянствам пад кіраўніцтвам РСДРП(б) на чале з Уладзімерам Ільлічом Леніным…»

Затым, праўда, Мікалай Селівашка перайшоў да рэаліяў сёньняшняга дня, і акцэнты зьмяніліся кардынальна:

«Дзеля пераадоленьня крызысу, дзеля стабільнага разьвіцьця Беларусі і рэальнага паляпшэньня ўзроўню жыцьця людзей неабходна пераўтварыць аўтарытарна-бюракратычную сыстэму, якая існуе сёньня, у дэмакратычную. Трэба дамагчыся правядзеньня справядлівых выбараў, рэальнага абраньня дэпутатаў, а ня іх прызначэньня. Трэба дамагчыся рэальнага падзелу кампэтэнцыі ўладаў, супрацьпаставіўшы яго ўладзе аднаго чалавека».

Сваю прамову Мікалай Селівашка скончыў сардэчным віншаваньнем грамадзянаў зь юбілеем рэвалюцыі і зычэньнем ім «шчасьця і здароўя, трываласьці і аптымізму, сямейнага дабрабыту і посьпехаў у справах.

Другой неспадзяванкай стаў выступ 15-гадовага юнака, чальца БРСМ, апранутага ў скураную кепку і доўгае паліто, які з выгляду і паводзінамі меў шмат агульнага з кіношным вобразам правадыра сусьветнага пралетарыяту. Яго выступ быў гарачым і шчырым:

«У гэты дзень сто гадоў таму адбылася самая выдатная ў сьвеце рэвалюцыя, якая паклала канец шматвяковаму прыгнёту і эксплёатацыі працоўных. Яна адзначыла пачатак новай эры, эры барацьбы працоўных усяго сьвету супраць капіталістаў, эры пераходу ад капіталізму да сацыялізму ва ўсім сьвеце».

Пасьля гэтых патасных словаў выступ нечакана сьціх і хлопец абвясьціў, што прачытае верш Міхаіла Ісакоўскага «25 кастрычніка 1917 году»:

Я снова думал, в памяти храня
Страницы жизни своего народа,
Что мир не знал еще такого дня,
Как этот день – семнадцатого года.

І хаця пачатак вершу не пасаваў да ягонага палкага ўступу, завяршыў сваё вершаванае чытаньне хлопец гэтак жа патасна і ўзьнёсла:

Сияет нам его высокий свет –
Свет мира, созидания и братства.
И никогда он не погаснет, нет,
 Он только ярче будет разгораться!

Выступ ацанілі, вучань дзявятай клясы Арцём Касачоў сарваў аплядысмэнты і воклічы: «Малайчына!», «Які разумнік!»

Мерапрыемства скончылася ўскладаньнем вянку да помніку Леніну ад сяброў “Справядлівага сьвету”, пасьля чаго людзі пачалі пакрысе разыходзіцца.

С. Горкі