Субота, 07 Лістапад 2015

Мясцовыя ўлады Віцебску не дазволілі акцыю КХП БНФ, прымеркаваную да гадавіны Кастрычніцкага перавароту

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

7 лістапада ў Віцебску так і не адбыўся пікет, заяўку на правядзеньне якога ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну падавалі пяцёра сяброў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Намесьніца старшыні раённай адміністрацыі Натальля Ляпёшкіна забараніла акцыю, спаслаўшыся на рашэньне Віцебскага гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску».

Згаданае рашэньне гарадзкіх уладаў дзейнічае ўжо больш як шэсьць гадоў, і за ўвесь час нікому з апазыцыянэраў ні разу не ўдалося выканаць яго патрабаваньняў. Гарадзкія ўлады хочуць, каб арганізатары масавых мерапрыемстваў да сваіх заявак на іх правядзеньне далучалі дамовы на абслугоўваньне гэтых мерапрыемстваў са службамі аховы правапарадку, жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і мэдыкамі. На практыцы такія дамовы заключыць немагчыма: зь пералічаных службаў толькі камунальнікі раз-пораз пагаджаюцца іх заключаць.

Празь пікет, які так і не адбыўся, актывісты КХП БНФ меркавалі выказаць «сваё адмоўнае стаўленьне да камуністычнай ідэалёгіі як асновы стварэння злачыннага камуністычнага рэжыму на тэрыторыі СССР, ахвярамі якога сталі мільёны нявінных людзей».

Віцебская вясна