Панядзелак, 22 Ліпень 2013

Жыхары Віцебску патрабуюць зьмяніць рашэньне гарвыканкаму № 881

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Жыхары Віцебску зьвярнуліся ў аблвыканкам з заявай аб зьмяненьні парадку прыняцьця рашэньняў аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў у горадзе. Калектыўны ліст падпісалі 40 чалавек. Зварот вымушаны, бо цягам некалькі апошніх гадоў віцебскія ўлады не далі ніводнага дазволу на правядзеньне ніводнага мітынгу альбо пікету.

Пры гэтым, калі было немагчыма адмовіць адразу, не парушаючы дзеючыя прававыя акты, дык на шляху заяўнікаў уставалі УУС Віцебскага аблвыканкаму і раённыя АУС, УАЗ “Віцебская гарадзкая цэнтральная паліклініка» або УКПП «Віцебская гарадзкая жыльлёва-камунальная гаспадарка», дамовы зь якімі на абслугоўваньне масавых мерапрыемстваў абласныя і гарадзкія ўлады зрабілі абавязковымі.

Усе гэтыя службы адмаўляліся заключаць гэткія дамовы, спасылаючыся на адсутнасьць адпаведнага дазволу, а дазвол не даваўся без дамоваў. У выніку, заяўнікі траплялі ў адмыслова прыдуманае бюракратычнае замкнёнае кола, разарваць якое немагчыма. Тым самым парушаліся і далей парушаюцца канстытуцыйныя правы грамадзян, міжнародныя забавязаньні Беларусі і шматлікія прававыя акты краіны.

Віцебскі кур’ер