Віцебскае ўпраўленьне Міністэрства ўнутраных спраў не дазволіла праваабаронцам наведаць Пункт часовага пасяленьня (ПЧП) уцекачоў у Віцебску і Віцебскі ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ). Праваабаронцы хацелі паглядзець, як жывуць украінцы, якія чакаюць атрыманьня права на жыхарства.

На працягу мінулага 2015 году Віцебскай абласной арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа было выдадзена 1117 ваўчараў вымушаным мігрантам, якія перасяліліся ў Віцебскую вобласьць з усходніх раёнаў Украіны. Агульная сума выдадзеных ваўчараў склала больш за мільярд рублёў.

Віцебскі праваабаронца наведаў Днепрапятроўскі каардынацыйны цэнтар для перасяленцаў «Дапамога Дняпра». Паводле Паўла Левінава, азнаямленьне з досьведам украінскіх калегаў дапаможа віцебскім праваабаронцам лепш наладзіць працу зь мігрантамі, якія маюць патрэбу ў абароне іх правоў. Бо перасяленцаў у Беларусі становіцца ўсё больш і больш, і львіную долю зь іх складаюць менавіта грамадзяне Ўкраіны.

МУС апублікавала пастанову «Аб вызначэньні разьмеркавальных квотаў рэгістрацыі хадайніцтваў пра наданьне статусу ўцекача або дадатковую абарону ў Рэспубліцы Беларусь на 2016 год». Згодна з дакумэнтам, падразьдзяленьне па грамадзянстве і міграцыі УУС Віцебскага аблвыканкаму ў бягучым годзе павінна прыняць хадайніцтвы аб даваньні дадатковай абароны або статусу ўцекача ад 250 замежнікаў.

Як паведамілі ў Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, цягам лістапада ваўчары атрымалі 273 вымушаныя перасяленцы з Украіны. На кожны ваўчар яго ўладальнік можа набыць харчоў і сродкаў гігіены на адзін мільён рублёў. Мяркуецца, што за лістапад-сьнежань у Віцебскай вобласьці будзе выдадзена ўсяго 600 ваўчараў.