Нядзеля, 17 Красавік 2022

Дапамога пацярпелым украінцам або спроба разгрузіць склады беларускіх прадпрыемстваў?

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Верхнядзвінскі райвыканкам абвясціў «Збор гуманітарнай дапамогі сем’ям Данбасу, дзецям і параненым, мірнаму ўкраінскаму насельніцтву». Цягам 10-ці дзён неабыякавым жыхарам райцэнтру прапанавана прыносіць у раённы дом культуры адзенне, прадукты харчавання, сродкі асабістай гігіены і медыкаменты. Але гэта павінны быць не проста рэчы, а вырабы канкрэтных беларускіх вытворцаў.

Прыкладам, макаронныя вырабы павінны быць выключна гандлёвых марак «Барымак» і «Пастораль» Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў, мясныя кансервы – толькі з Аршанскага і Бярозаўскага мясакамбінатаў. Зубныя пасты, шчоткі, мыла і шампуні –  з прадпрыемства «Вітэкс», мыла – гомельскай вытворчасці «Greenelle», жаночыя прадметы інтымнай гігіены – брэнду «Мэгги», дзіцячае адзенне – толькі новае і толькі вырабленае фабрыкамі «Світанак» і «Купалінка»… Падрабязны спіс усяго таго, што чакаюць ад жыхароў Верхнядзвінску арганізатары збору з ГА «Белая Русь» змясціла мясцовая газета «Дзвінская праўда».

Дужа цяжка ўявіць, што шараговыя гараджане пойдуць у раённы Дом гандлю ды пачнуць перабіраць тавары, набываючы рэчы для гуманітарнай дапамогі ў строгай адпаведнасці з такім спісам. Адпаведна, разлік робіцца не на чалавечую спагадлівасць, а на арганізаваныя, мэтанакіраваныя закупы канкрэтнай прадукцыі. Неабходнасць набыць заяўленыя таварныя пазіцыі традыцыйна ўскладуць на канкрэтныя прадпрыемствы і арганізацыі або прыватных прадпрымальнікаў. А потым ГА «Белая Русь» і дабрачынны фонд Аляксея Талая – арганізатары збору гуманітарнай дапамогі – будуць распавядаць пра тое, як «неабыякавыя жыхары Беларусі» адгукнуліся на заклік дапамагчы суседняй Украіне. А па сутнасці, на спекулятыўную ідэю разгрузіць склады нерэалізаванай беларускай прадукцыі пад выглядам дабрачыннасці.

Дарэчы, куды менавіта адправяць сабраныя рэчы, ніхто не кажа. Усё хаваецца за расплывістай фармулёўкай «гуманітарны груз будзе дастаўлены ўкраінскім уцекачам і ў рэгіёны Украіны, якія пацярпелі ад вайсковых дзеянняў».

Станіслаў Іваноўскі