Субота, 26 Люты 2022

«Гэта паўнавартасная вайна ў самых страшных праявах»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Віталь Броўка вядомы ў Віцебску чалавек, яму належаў паб «Торвальд» у цэнтры гораду. Гэта было месца для мноства канцэртаў і культурных падзеяў. Пасьля пратэстаў 2020 году паб давялося закрыць. Броўка з гэтым не зьмірыўся і перавёз бізнэс у Кіеў, дзе адкрыў установу з такой жа назвай.

Падчас вайны «Торвальд» стаў месцам ратунку для многіх кіяўлян розных нацыянальнасьцяў.

«Мы стварылі паб «Торвальд» у колішнім бамбасховішчы. Гэта такі падземны бункер. У выпадку нападу непрынцыповая розьніца, куды спускацца — да нас ці ў мэтро. Вядома, мы запрасілі да нас беларусаў праз лякальныя чаты, а таксама жыхароў суседніх раёнаў. Хоць беларусы Кіева і так ведалі, што ў нас бамбасховішча. Прытулак учора ў нас знайшлі каля 120 чалавек», — расказвае Броўка.

Рэстаратар кажа, што людзі спалі як давядзецца. На наступныя ночы плянуюць даць большасьці прысутных пледы.

«Высокая мабілізацыя, людзі моцна дапамагаюць адно аднаму, думаю, знойдуць магчымасьць разжыцца коўдрай ці нечым такім. Сырэны пэрыядычна гучаць. Кажуць пра вялікую небясьпеку ракетных удараў. Гэта сапраўдная, паўнавартасная вайна, як Другая сусьветная, у самых страшных праявах», — працягвае віцяблянін.

Для тых, хто начаваў у «Торвальдзе», арганізавалі нават бясплатную вячэру — падавалі рагу з гародніны і мяса з грэчкай.

«Многія нашы хлопцы прынялі рашэньне пайсьці ў тэрытарыяльную абарону, некаторыя ўжо паехалі на фронт. Пакуль ёсьць патрэба забясьпечваць працу «бамбасховішча», то ня маю права зьяжджаць з Кіева, як бы патасна гэта ні гучала. Усе вераць ва Ўзброеныя сілы Ўкраіны. Людзі кажуць, што агрэсія Расеі будзе адбітая, усе аптымісты. Ні страху, ні панікі няма».