Аўторак, 24 Май 2022

«Танк» або «Крыж». Жыхароў Полацку запрашаюць абмеркаваць выгляд транспартнай развязкі

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Полацкі райвыканкам вырашыў мадэрнізаваць кальцавую развязку, у цэнтры якой зараз знаходзіцца танк на пастаменце. Адмыслоўцы распрацавалі два варыянты, адзін з якіх прадугледжвае захаванне танка ў цэнтры пяціканцовай зоркі, падсвечанай пражэктарамі на аздобленым клумбамі пагорку. Другі варыянт – гэта праваслаўны крыж у цэнтры пагорка.

Гараджанам прапануюць прагаласаваць за адзін з варыянтаў.

Не адразу можна заўважыць, але на абодвух планіровачных эскізах і крыж, і танк застаюцца нязменнымі элементамі. Мяняецца толькі размяшчэнне: у цэнтры або крыху збоку. На думку распрацоўшчыкаў, «сімбіёз» рэлігійнай і вайсковай  сімволікі з'яўляецца актуальным ды мадэрновым…

Яшчэ адзін момант, які выклікае спрэчкі – гэта надпіс «Полоцк» па-расейску для абодвух варыянтаў на ўездзе ў старажытную сталіцу беларускай дзяржавы.

Тое, што варыянтаў толькі два, таксама недаспадобы жыхарам Полацку. Абмяркоўваючы прапанову ўладаў на старонцы старшыні райвыканкаму Ігара Марковіча ў Instagram, яны пішуць пра ўласнае бачанне гэтага аб’екта. Хтосьці лічыць, што ў цэнтры варта паставіць фігуру Усяслава Чарадзея, знакамітага полацкага князя, а нехта не згодны з тым, што крыж – праваслаўны, тады як сучасны Полацк – шматканфесійны…

Цікава, што палачанам прапануюць узяць удзел у галасаванні, але яго зрабілі патаемным. Так, з дапамогай інструменту Google, на сайце райвыканкаму людзі могуць  абраць упадабаны варыянт, але ў іх не атрымаецца ўбачыць колькасць  аднадумцаў і апанентаў. Гэта надзвычай зручны ход для раённых уладаў: заўсёды можна заявіць пра больш выгодны выбар, назваўшы яго «народным».

Міхась Хмара