Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 07 Красавік 2022

У Воршы збіраюцца паставіць дублікат помніка, але аршанцам пра гэта не кажуць

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Фота з інтэрнэт- выдання «Вестник Кипра» Фота з інтэрнэт- выдання «Вестник Кипра»

«Аршанская газета» паведаміла, што на вуліцы Савецкай будзе ўсталявана скульптурная кампазіцыя «Семья – залог мира». Яна мае з’явіцца на беразе Дняпра дзякуючы фонду «Созидающий мир» і асабіста ягонаму заснавальніку Вячаславу Заранкову. Замоўчваецца, што такі самы помнік летась быў усталяваны на Кіпры, у курортным горадзе Ай-Напа…

Колькі гэта будзе каштаваць гарадскому бюджэту або гэта будзе падарунак, мясцовая газета не паведамляе. У аршанцаў ніхто не запытаўся, ці хочуць яны мець у сваім горадзе такі помнік – нават калі б ён быў адзіным у свеце.

Пра фонд «Созидающий мир» і ягоныя справы

Фонд «Созидающий мир» – гэта праект вядомага расейскага мецэната Вячаслава Заранкова, ураджэнца вёскі Хадулы Аршанскага раёну (чамусьці ў рэдакцыі «Аршанскай газеты» вырашылі, што вясковае паходжанне можа зганіць добрага чалавека, і напісалі, што ён нарадзіўся ў Воршы). Спадар Заранкоў пакінуў Беларусь ва ўзросце 17-ці гадоў, шмат працаваў у будаўнічай галіне, і цяпер ён – заслужаны будаўнік Расеі, паспяховы прадпрымальнік, заснавальнік групы кампаній «Эталон», адзін з найбагацейшых расейскіх грамадзянаў па версіі «Forbes».

Цяпер Вячаслаў Заранкоў жыве ў Санкт-Пецярбургу і з’яўляецца першым чалавекам, уганараваным у гэтым горадзе званнем «Почётный меценат». Ён спрыяе будаўніцтву праваслаўных храмаў, разнастайных аб’ектаў гарадской інфраструктуры, ажыццяўляе падтрымку праектаў у самых розных галінах расейскай культуры і мастацтва, у тым ліку ў межах дзейнасці фонду «Созидающий мир».

З гэтым фондам актыўна супрацоўнічае і мастачка Юлія Заранкова, аўтарка макета кампазіцыі «Семья – залог мира», нявестка Вячаслава Заранкова.

Хрэстаматыйнае пытанне: «Што хацеў сказаць аўтар?»

Скульптурная кампазіцыя мае просты, нават «плакатны» сюжэт: мужчына і жанчына трымаюць на ўзнятых руках зямны шар, над якім кружляюць галубы, а дапамагаюць бацькам іхныя дзеці і сабака.

«Першы асобнік» помніка быў падораны Кіпру ад імя Вячаслава Заранкова і ўрачыста адчынены на набярэжнай у горадзе-курорце Ай-Напа 4 лістапада 2021 году – у Дзень народнага адзінства (дзяржаўнае свята ў Расеі). Незадоўга да адкрыцця мецэнат даў інтэрв’ю выданню «Аргументы и факты», дзе патлумачыў гісторыю стварэння скульптурнай группы:

«Все началось с того, что меня попросили помочь сделать и установить на Кипре памятник ко Дню Победы. Мы провели небольшой конкурс среди скульпторов, но достойных работ, увы, не получили. Все присланные проекты символизировали больше героизм участников войны и память о сражениях. Конечно же, это тоже важные составляющие любой победы. Но мы хотели посмотреть на данный символ более глубоко: для чего в принципе нужна победа, каков ее конечный смысл? А он заключается в том, чтобы после окончания войны как можно дольше длился мир. И чтобы люди на Земле жили счастливо. А настоящее счастье для любого человека – здоровая семья. Потому что именно семья – основа любого общества.

Люди, живущие в здоровой счастливой семье, никогда не развяжут новую войну, потому что любые баталии – угроза их близким. Поэтому памятник семье – это еще и памятник миру».

Паводле Вячаслава Заранкова, ён прапанаваў падумаць над мастацкім увасабленнем гэтай ідэі нявестцы Юліі, а потым з шэрагу ейных малюнкаў абраў найбольш упадабаны.

Аршанскі варыянт: спроба задарма запоўніць пустое месца

Паводле «Аршанскай газеты», усталяванне новага скульптурнага аб’екту стане падарункам гараджанам да 955-х угодкаў гораду. На сайце «раёнкі» падрабязна распавядаецца, што гэта ёсць супольнай прапановай дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Генадзя Давыдзькі, старшыні РГА «Белая Русь», і Іны Крачак, якая доўгі час працавала загадчыцай аршанскай радзільні. Яны звярнуліся ў фонд «Созидающий мир», папярэдне ўзгадніўшы запыт з кіраўніцтвам Аршанскага райвыканкаму. Чаму ў выніку перамоваў не паўстала пытанне пра новы гарадскі аб’ект, а толькі пра рэпліку ўжо наяўнага, застаецца загадкай.

Зрэшты, мясцовыя ўлады ніколі не лічылі патрэбным абмяркоўваць змены ў абліччы гораду з ягонымі жыхарамі: іх проста ставілі перад фактам...

У гісторыі Аршаншчыны было шмат выбітных падзей і асобаў, вартых увасаблення ў скульптурных вобразах, але да юбілею Воршы тут паўстане безаблічная кампазіцыя, абсалютна не прывязаная ні да гістарычных рэаліяў, ні да месца ў гарадскім ландшафце. Не зразумела і тое, чаму стварэнне гарадской скульптуры не даручылі беларускім скульптарам, прыкладам, аршанцу Ігару Голубеву, аўтару помніка Уладзіміру Караткевічу. Магчыма, райвыканкам прывабіла магчымасць атрымаць мастацкі аб’ект задарма – калі скульптурная кампазіцыя будзе падорана гораду мецэнатам з Расеі. Але ў гэтым выпадку падарунак выглядае асабліва двухсэнсоўна: цяпер, калі расейскія войскі знішчаюць мірнае насельніцтва ва Украіне, вельмі цяжка паверыць у шчырыя памкненні ўсхваляць сямейныя каштоўнасці як гарантыю мірнага жыцця.

І яшчэ адзін штрых да таго, як аршанскія ўлады ставяцца да сямейнага ладу і гісторыі гораду. Скульптурную кампазіцыю ўсталёўваюць на тым месцы, дзе перад «Дажынкамі» у 2008 годзе была цалкам знесена гістарычная драўляная забудова. Людзей пазбавілі жытла, каб на гэтым месцы зрабіць пустэчу і ходнікі з брукаванкай. Цяпер там паставяць помнік-дублікат, і будуць пераконваць аршанцаў, што іхны горад істотна папрыгажэў.

Юрка Жмых