Пятніца, 14 Студзень 2022

На будынак у цэнтры Віцебску вярнулі Пагоню, але – меншую і на зялёным фоне

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Courtesy photo Courtesy photo

Светлавы кораб з гербом Віцебскай вобласці 14 студзеня вярнулі на будынак у цэнтры гораду (вул. Гогаля, 14). Пагоня знікла з будынку 4 студзеня. Пазней у Віцебскім гарвыканкаме паведамілі журналістам, што знікненне Пагоні не мае ніякага палітычнага падтэксту, і паабяцалі вярнуць – ужо адрэстаўраваны. Паглядзіце, як яго змянілі, прапануюць «Народныя навіны Віцебска».

З нейкіх прычын выяву самога герба – конніка і вянка з дубовага лісця вакол яго – заўважна зменшылі. Апроч таго, цяпер фон светлавога шчыта, на якім выяўлены герб, памянялі з белага на зялёны.

Герб Пагоня на фоне суперпоўні, 2011 год. Фота Сяргея Серабро

Зрэшты такі фон адпавядае колеру сцягу Віцебскай вобласці, але і без падсвятлення выява зараз «чытаецца» кепска, а з падсветкай наагул будзе нагадваць славуты абажур ленінскай лямпы. Затое цяпер спалучэнне колераў – ідэалагічна правільнае.

Пагоню вярнулі ў цэнтр Віцебску ў змененым выглядзе. Courtesy photo

Пагоню ўсталявалі на будынак з надпісам «Квітней, родная Віцебшчына» ў 2009 годзе пасля афіцыйнага зацверджання геральдычных сімвалаў Віцебскай вобласці.

Янка Прас