Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 17 Снежань 2021

Следчыя пагражаюць Анатолю Каханчыку крымінальнай справай за БЧБ-хату

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
БЧБ-хата Каханчыка. Фота: facebook.com БЧБ-хата Каханчыка. Фота: facebook.com

Год таму жыхар Полацку Анатоль Каханчык пафарбаваў бацькоўскую хату ў вёсцы Алёшча Полацкага раёну ў нацыянальныя колеры: намаляваў на сценах дзве белыя і чырвоную палосы, а ў акне павесіў Пагоню. За такую расфарбоўку ў лютым 2021 году Каханчыка прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці (на той момант – арт. 23.34 КаАП) і асудзілі на 7 сутак. Ужо ў лістападзе, калі адбываў чарговы арышт, следчыя прыгразілі яму крымінальнай справай, калі не перафарбуе дом. Пра гэта піша Беларускае Радыё Рацыя.

«Мяне выклікалі, калі я сядзеў, да следчага. Следчы паказаў мне стос папер, сказаў, што рыхтуецца супраць мяне крымінальная справа за злоснае хуліганства, калі я не перафарбую сваю хату. Я сказаў, што ледзь толькі вы распачняце крымінальную справу або адміністратыўную, я ў той самы дзень і ў тую самую гадзіну пішу заяву на сухую галадоўку», – расказаў выданню Анатоль Каханчык.

Бел-чырвона-белая хата даўно муляе вока мясцовым уладам. Старшыня Маласітнянскага сельсавету неаднаразова звяртаўся ў міліцыю з гэтае нагоды. І аднойчы ноччу на падворку хаты Анатоля Каханчыка з’явіліся невядомыя людзі, якія зафарбавалі карычневым колерам чырвоную паласу паміж дзвюх белых. А герб Пагоня, які быў вывешаны ў акне, запэцкалі карычневай фарбай проста па шкле звонку. Вярнуўшыся пасля арышту, Анатоль Каханчык аднавіў першапачатковую расфарбоўку. І суседзі зноўку бачылі, як старшыня сельсавету Леанід Буханцоў чарговы раз фатаграфаваў яе з розных бакоў.

Янка Прас