Аўторак, 23 Лістапад 2021

«Жыве Фландрыя!» У тэатры імя Якуба Коласа за гэтую фразу забаранілі спектакль

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Тэатр імя Якуба Коласа у Віцебску. Фота: wikimapia.org  Тэатр імя Якуба Коласа у Віцебску. Фота: wikimapia.org

Віцебскія чыноўнікі адмянілі паказы спектаклю «Ціль» у Нацыянальным акадэмічным драмтэатры імя Якуба Коласа. Пасля прэм’еры, якая абылася 21 лістапада, пастаноўку наагул забаранілі і знялі з рэпертуару, піша Zerkalo.io. Прэм'ерай трагікамедыі «Ціль» коласаўцы адзначалі 95-годдзе тэатру. 

21 лістапада ў Нацыянальным тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску адбылася прэм’ера спектаклю «Ціль». Спектакль паставілі паводле пʼесы драматурга Рыгора Горына, якую ён напісаў на падставе раману бельгійскага пісьменніка Шарля Дэ Кастэра «Ціль Уленшпігель». Раман і спектакль распавядаюць пра барацьбу фламандцаў супраць іспанскага валадарства ў 16 стагоддзі.

На пастаноўцы былі кіраўнікі Віцебшчыны і прадстаўнікі Мінкульту. Але, як кажуць артысты, чыноўнікам спектакль не спадабаўся. Асаблівае раздражненне ў іх выклікалі выкарыстанне на сцэне чырвоных стужак і выкрыкі са сцэны «Жыве Фландрыя!».

У выніку спектакль знялі з рэпертуару. Паказ, запланаваны на 11 снежня, адменены – інфармацыя аб гэтым зʼявілася на сайце kvitki.by.