Аўторак, 09 Красавік 2019

Фэстываль польскіх фільмаў “Вісла” пройдзе ў Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(16 галасоў)

У межах кінафэстывалю “Вісла” 13 і 14 красавіка аматары польскага кіно маюць магчымасьць пабачыць у Віцебску чатыры поўнамэтражныя стужкі. Паказы адбудуцца ў кінатэатры “Мір”.

Кінафэстываль “Вісла” ладзіцца ў Беларусі ўжо ў другі раз. Першы прайшоў у 2018 годзе ў Менску. Сёлета яго геаграфія пашыраецца: акрамя сталіцы, пазнаёміцца зь лепшымі працамі польскіх рэжысэраў змогуць і віцебскія гледачы.

“Фільмы ўсе разнаплянавыя і ўсё новыя. Прыкладам, стужка “Дачка трэнэра” зьявілася на польскіх экранах толькі 1 сакавіка”, – расказвае дырэктарка кінатэатру “Мір” Тацяна Якамасава.

Паводле дырэктаркі, гарадзкія ўлады, у тым ліку і аддзел культуры, ніякага дачыненьня да арганізацыі і правядзеньня кінафэстывалю ня маюць. Ініцыятыва сыходзіла выключна ад прадстаўнікоў польскай амбасады.

Адкрыецца кінафэст 13 красавіка (пачатак – 17.40) паказам драмы рэжысэра Лукаша Гжэгожака “Дачка трэнэра”, у аснове якой ляжыць гісторыя сямнаццацігадовай тэнісісткі Вікторыі Карнэт і яе таты-трэнэра, якія вандруюць па сьвеце ад турніру да турніру.

Тацяна Якамасава паведаміла, што на адкрыцьці фэсту будуць прысутнічаць акторка Караліна Брухніцкая, якая сыграла ролю галоўнай гераіні ў «Дачцэ трэнэра», сакратар амбасады Эльжбэта Інеўска, а таксама міжнародны каардынатар фэстывалю.

Уваход на ўсе сэансы бясплатны, але квіток можна будзе атрымаць у касе не раней чым за гадзіну да пачатку сэансу.

“Вісла” ў Віцебску: якія фільмы пакажуць

13 красавіка

  • 17.40, “Дачка трэнэра”, рэж. Лукаш Гжэгожак.
  • 20.30, “Багі”, рэж. Лукаш Палькоўскі.

14 красавіка

  • 15.00, “Вольта”, рэж. Юліюш Махульскі.
  • 17.30, “Юліюш”, рэж. Аляксандар Пэтшак.

Уладзімер Бяляўскі