Друкаваць гэтую старонку
Субота, 22 Май 2021

Камітэт па правах чалавека зарэгістраваў скаргу журналіста з Глыбокага

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)

Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў пад нумарам 3306 скаргу журналіста Змітра Лупача з Глыбокага. Журналіст настойвае на тым, што беларуская дзяржава парушыла патрабаванне арт. 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах – то бок крытычна абмежавала яму магчымасці свабодна выказваць прафесійнае меркаванне.

Пастановай суду Глыбоцкага раёну ад 22 снежня 2018 году журналіст Зміцер Лупач быў прызнаны вінаватым ва ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння, што выявілася ў незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі. За гэта быў аштрафаваны на 612 рублёў 50 капеек.

Па скарзе журналіста законнасць і абгрунтаванасць пастановы суду Глыбоцкага раёну праверыў Віцебскі абласны суд, але не знайшоў парушэнняў закону і пакінуў рашэнне райсуду без зменаў, а скаргу Лупача – без задавальнення.

Справядліва палічыўшы, што наступнае абскарджанне рашэння Глыбоцкага суду ў старшыні Віцебскага абласнога суда, а таксама Старшыні Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь не прывядзе да аднаўлення парушаных правоў, журналіст спыніў перапіску з беларускімі судамі.

У органы пракуратуры Лупач не звяртаўся, бо якасць пракурорскага нагляду ў Беларусі не адпавядае міжнародным стандартам праз сваю перадузятасць і аднабаковы абвінаваўчы падыход пры разглядзе адміністрацыйных спраў з палітычным падтэкстам.

Беларуская дзяржава са свайго боку лічыць, што журналіст не прайшоў усе абавязковыя працэдуры абароны сваіх правоў на нацыянальным узроўні. Таму раіць Камітэту не разглядаць зварот Змітра Лупача. Сам жа факт звароту беларускага грамадзяніна ў міжнародны праваабарончы орган ўрад расцэньвае як злоўжыванне правам.

«Лічым, што права Змітра Лупача на свабоднае выказванне думкі ў адпаведнасці з артыкулам 19 Пакта парушанае не было. Пунктам 1 артыкулу 29 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ўстаноўлена, што кожны чалавек мае абавязкі перад грамадствам, у якім толькі i магчыма свабоднае i поўнае развіццё яго асобы. У сілу часткі 2 артыкулу 23 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону. Устаноўлены Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 г. № 427-З «Аб сродках масавай інфармацыі» парадак ажыццяўлення дзейнасці журналістаў сродкаў масавай інфармацыі не можа разглядацца як абмежаванне права на свабоднае выказванне меркавання ў сэнсе пункту 3 артыкулу 19 Пакта», – выстаўляюць свае аргументы Камітэту беларускія чыноўнікі.

Але такое тлумачэнне для КПЧ не стала вызначальным. Таму паведамленне журналіста Лупача было зарэгістраванае і, паводле працэдуры, будзе разгледжанае ў бліжэйшы час.

Лявон Яфрэменка