Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 18 Красавік 2021

Камітэт па правах чалавека зарэгістраваў скаргу Таццяны Севярынец

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

На пачатку 2021 году Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў пад нумарам 3820/2020 індывідуальную скаргу Таццяны Севярынец. Грамадская актывістка лічыць, што беларускай дзяржавай было парушанае яе права на ўдзел у масавых мерапрыемствах.

Пастановай суду Кастрычніцкага раёну Віцебску ад 21 сакавіка 2017 году Таццяна Севярынец была прызнаная вінаватай у тым, што паўторна цягам аднаго года пасля адміністрацыйнага пакарання за такое ж парушэнне ўзяла ўдзел у масавых мерапрыемствах. Акцыі не былі санкцыянаваная мясцовай уладай. На падставе часткі 3 артыкулу 23.34 КаАП Севярынец была аштрафаваная на 50 базавых велічынь, што на той момант складала 1150 беларускіх рублёў.

Для абароны свайго права на ўдзел у мірных публічных акцыях Таццяна Севярынец звярталася у вышэйшыя судовыя інстанцыі. Аднак беларускія суды адмовіліся абараніць яе правы. Свой адказ яны абгрунтавалі тым, што суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прыняў рашэнне паводле закону і на фактычных доказах.

Улічваючы правапрымяняльную практыку, якая сведчыць пра тое, што пракурорскі нагляд у Рэспубліцы Беларусь не эфектыўны, Таццяна Севярынец не звярталася ў гэты дзяржаўны орган. Аднак яе аргументы аб неэфектыўнасці працы органаў пракуратуры ў галіне абароны правоў і свабодаў улады палічылі несапраўднымі. Згодна са статыстычнымі дадзенымі за 9 месяцаў 2020 году, органамі пракуратуры краіны на пастановы па адміністрацыйных справах прынесены 2261 пракурорскі пратэст, з якіх задаволена 1978 (87,5%). Прыведзеныя лічбы сведчаць пра тое, што пракурорскі нагляд зʼяўляецца дастаткова эфектыўным сродкам абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Таму ўлады палічылі, што Севярынец не прайшла ўсе стадыі абароны сваіх правоў і, у адпаведнасці з артыкулам 2 Факультатыўнага пратаколу Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, разгляд яе скаргі Камітэтам немагчымы.

Больш за тое, улады разглядаюць пададзеную скаргу як злоўжыванне актывісткай правам на зварот у Камітэт.

«Падобная пазіцыя дзяржавы па скаргах беларускіх грамадзян у Камітэт не дае станоўчага эфекту. Камітэт, які рэгіструе і прымае рашэнні па скаргах без зваротаў у органы пракуратуры, працягвае гэта рабіць, не звяртаючы ўвагі на пратэсты дзяржавы. І гэта правільна, бо  беларуская пракуратура не апратэставала ніводнага (!) адмоўнага рашэння судоў адносна ўдзелу грамадзян у масавых мерапрыемствах. Беларуская пракуратура ў цяперашні час перастала быць органам праваахоўным, захавала толькі карныя функцыі», – патлумачыў сітуацыю праваабаронца Павел Левінаў

Ён упэўнены, што скарга Таццяны Севярынец мае перспектыву разгляду Камітэтам па сутнасці, і, з вялікай вярагоднасцю, КПЧ прызнае парушэнне дзяржавай права актывісткі на ўдзел у масавых мерапрыемствах.

Мікола Пісараў