Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 29 Сакавік 2013

КПЧ ААН прыняў да разгляду чарговыя звароты віцебскага праваабаронцы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Павал Левінаў Павал Левінаў

Камітэтам па правох чалавека ААН за № 2235/2013 і № 2236/2013 зарэгістраваныя два новыя звароты праваабаронцы Паўла Левінава. У гэтых зваротах Павал Левінаў просіць камітэт прызнаць Рэспубліку Беларусь парушальнікам шэрагу артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох.

Падзеі, якія спрычыніліся да падачы чарговых скаргаў у КПЧ, адбыліся летам 2012 году. 3 чэрвеня Павал Левінаў даслаў заявы на адрас кіраўнікоў адміністрацыяў Першамайскага, Кастрычніцкага і Чыгуначнага раёнаў Віцебску аб правядзеньні 26 чэрвеня ў кожным з раёнаў гораду пікетаў, прымеркаваных да міжнароднага дня ў падтрымку ахвяр катаваньняў. Нягледзячы на тое, што ў пікетах мусіў узяць удзел толькі адзін чалавек, улады пікеты забаранілі.

1 жніўня праваабаронца зрабіў яшчэ адну спробу скарыстацца са свайго права, гарантаванага Канстытуцыяй, на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў і пікетаваньня. Была пададзеная заяўка ў адміністрацыю Першамайскага раёну на правядзеньне пікету 20 жніўня з мэтай інфармаваньня выбаршчыкаў аб фармаваньні ўчастковай выбарчай камісіі. Гэты пікет быў таксама забаронены.

На думку Паўла Левінава, улады, пазбавіўшы яго магчымасьці правесьці згаданыя акцыі, парушылі ня толькі Канстытуцыю, але і нормы, выкладзеныя ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правох, у прыватнасьці частку 2 артыкулу 19 і артыкул 21 – гэтыя артыкулы гарантуюць права на выказваньне сваіх думак і распаўсюд інфармацыі і права на мірныя сходы.

Праваабаронца спрабаваў абскардзіць забарону на правядзеньне пікетаў у судох, але безвынікова. Такім чынам, на думку Паўла Левінава, быў парушаны таксама артыкул 14 пакту, які абвяшчае, што «кожны чалавек мае права на справядлівы і публічны разгляд справы кампэтэнтным, незалежным і бесстароньнім судом, створаным паводле закону». «У гэтым выпадку суды не былі кампэтэнтнымі, незалежнымі і бесстароньнімі, бо яны зусім відавочна прымалі рашэньні насуперак міжнародным забавязаньням Рэспублікі Беларусь, а таксама знаходзіліся пад уплывам выканаўчай улады», – мяркуе віцебскі праваабаронца.

Нагадаем, раней Павал Левінаў ужо ня раз зьвяртаўся ў Камітэт па правох чалавека па аналягічных справах. Так, камітэтам на 105-й сэсіі ў ліпені 2012 году было прынятае рашэньне адразу па дзевяці паведамленьнях праваабаронцы. Згодна з гэтым рашэньнем, Беларусь, забараніўшы праваабаронцу вольна распаўсюджваць інфармацыю і ідэі праз пікетаваньне, парушыла частку 2 артыкулу 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох.

«Дзяржава-удзельнік мусіць таксама забясьпечыць, каб гэткія парушэньні не паўтараліся ў будучыні», – настойвае КПЧ ААН у сваім рашэньні. Але, выглядае, пастановы міжнароднага кампэтэнтнага воргану беларускім уладам ня ўказ: яны далей гнуць сваю лінію і працягваюць перашкаджаць грамадзянам рэалізоўваць іх правы, прадугледжаныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правох.

Віцебская Вясна