Аўторак, 20 Жнівень 2013

Доктара Пастнова будуць лячыць ад «маніі перасьледу з боку ўладаў»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

21 жніўня ў другой палове дня судзьдзя Дзегцярова суду Віцебскага раёну на падставе рашэньня ўрачэбна-кансультацыйнай камісіi (УКК) і са згоды Віцебскай гарадзкой пракуратуры ў прысутнасьці намесьніка галоўнага ўрача па мэдычнай частцы па псыхіятрыі УАЗ Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі І. Панамарова вынесла пастанову аб прымусовым псыхіятрычным лячэньні Ігара Пастнова. Паседжаньне суду праходзіла без удзелу грамадзкасьці, прадстаўніка пракуратуры, законнага абаронцы, самога спадара Пастнова і яго блізкіх сваякоў.

Згодна з рашэньнем суду цягам найбліжэйшых месяцаў Ігар Пасноў падлягае лячэньню і штомесячнаму агляду УВК, якая будзе вызначаць ступень ачуньваньня апанэнта ўлады і неабходнасьці працягу яго лячэньня. Таксама, на падставе арт. 40 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі», кіраўніцтвам лячэбнай установы прынятае рашэньне пра абмежаваньне права апальнага лекара на вядзеньне ліставаньня, атрыманьне і адпраўку тэлеграмаў, лістоў, грашовых пераказаў, пасылак і бандэроляў, атрыманьне рознага кшталту перадач.

Апроч таго, яму забаронена карыстацца тэлефонам і прымаць наведвальнікаў, мець і набываць прадметы першай неабходнасьці, карыстацца ўласнай вопраткай.

Ігар Пастноў мае толькі дзесяць дзён на падачу касацыйнай скаргі ў Віцебскі абласны суд.