Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 30 Верасень 2022

На Віцебшчыне правялі акцыю «Антынаркатычны аўтобус»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Ініцыятарамі выступілі абласная ўправа МУС, абласное аддзяленне «Беларускага Чырвонага Крыжа» і БРСМ. Сутнасць акцыі палягала ў тым, што пасажырам аднаго з гарадскіх маршрутаў на працягу аднаго рэйсу распавядалі пра шкоду здароўю ад ужывання наркатычных рэчываў і пра крымінальную адказнасць за распаўсюд наркотыкаў.

«Антынаркатычныя аўтобусы» праехалі раніцай 30 верасня па вуліцах Полацку, Наваполацку, Оршы і Віцебску. У абласным цэнтры «антынаркатычным» быў рэйс аўтобуса па маршруце №14 з адпраўленнем у 9.51 – гэта якраз той час, калі школьнікі і студэнты ўжо знаходзяцца на занятках, а менавіта яны мусілі б быць мэтавай групай, на якую накіравана прафілактычнае мерапрыемства.

Акцыя праходзіла пад увагай дзяржаўных СМІ, якія практычна адразу ж апублікавалі справаздачы пра раздадзеныя пасажырам памяткі і ўлёткі. Аднак нідзе ў афіцыйным друку не згадвалася сумная статыстыка пра павелічэнне злачынстваў, звязаных з ужываннем і распаўсюдам наркотыкаў, у тым ліку, на на Віцебшчыне. Між тым, за першыя 5 месяцаў 2022 г. толькі на тэрыторыі абласнога цэнтру выяўлена 107 «наркатычных» злачынстваў, у тым ліку 55 звязана з незаконным збытам. Сумнае «лідарства» у гэтым сэнсе трымае Першамайскі раён Віцебску: амаль 2/3 згаданай колькасці злачынстваў было здзейснена на тэрыторыі гэтага раёну.

Адмыслоўцы адзначаюць, што ў Беларусі няма цалкавітай стратэгіі барацьбы з наркотыкамі. Лекцыі і прафілактычныя гутаркі не вядуць да поспеху ў гэтым накірунку, бо падобная прапаганда мае адваротны эфект і вельмі часта спараджае ў маладых людзей нездаровы інтарэс і жаданне пакаштаваць забароненыя рэчывы. Адна з апошніх прапановаў з боку МУС, міністэрства адукацыі, аховы здароўя працы і сацыяльнай абароны – гэта стварэнне ў кожнай вобласці адмысловага цэнтру візуальнай прафілактыкі, у якіх дзеці і падлеткі маглі б «ужывую» убачыць, што адбывацца з унутранымі органамі пад уздзеяннем тытуню, алкаголю і наркотыкаў.

Таццяна Віктарава