Пятніца, 26 Жнівень 2022

Віцебскія ўлады ліквідавалі ў Дзісне сацыяльна-культурны фонд "За адраджэнне"

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Рашэннем Віцебскага абласнога суда ўлады ліквідавалі фонд "За адраджэнне", які быў зарэгістраваны ў 2020 годзе мясцовай жыхаркай Наталляй Астроўскай. 25 ліпеня Вярхоўны суд разгледзеўшы ў апеляцыйным парадку скаргу фонду рашэнне абласнога суда пакінуў без змены. Пасля гэтага арганізацыя страціла статус юрыдычнай асобы.

Фонд "За адраджэнне" праіснаваў крыху больш за два гады, застанецца ў памяці ў жыхароў Дзісны добрыя ўспаміны. Сапраўды за час сваёй працы і кіраўніца фонду і валанцёры здолелі шмат зрабіць для паляпшэння сацыяльнага жыцця, экалогіі і навакольнага асяроддзя, а таксама садзейнічалі адраджэнню культурных традыцый. 

Так, па ініцыятыве кіраўніцы фонду Астроўскай былі знойдзены старадаўняй рэцэптуры і адноўлены традыцыі выпечкі некалі вядомых на ўсю акругу дзісенскіх булак. Пра гэтую ініцыятыву пісала газета "Міёрскія навіны". Валанцёры фонду актыўна ўключыліся ў кампанію па рэканструкцыі электрычнай гаспадаркі рэгіёна. Дзеля гэтага яны сабралі некалькі сотняў подпісаў у мясцовых жыхароў і перадалі іх у Міністэрства энергетыкі і РУП «Віцебскэнерга» з просьбай уключыць г. Дзісну ў план мадэрнізацыі электрасетак. 

Таксаам фондам планавалася аднавіць будынак казначэйства і на яго базе ўвесці ў эксплуатацыю гісторыка-культурны цэнтр. 

У арганізацыі ўважліва паставіліся да прапановы неабыякавых жыхароў Дзісны ўзнавіць міні-макет замкавага комплексу і ўсталяваць яго ў гарадскім парку. 

Былі яшчэ экалагічная акцыя «Дапаможам берагам», падчас якой валанцёры чысцілі вадаёмы ад смецця і інвазіўных раслін, і кампанія «Зробім свет чысцейшым», у рамках якой жыхары даведаліся аб важнасці выкарыстання экалагічна чыстых мыйных сродках.

Наталля Фёдараўна была прыхільнікам развіцця грамадзянскіх актывізмаў і стала адным з ініцыятараў стварэння Цэнтра мясцовых ініцыятыў. Яна лічыла, што з дапамогай Цэнтра можна будзе, у цесным супрацоўніцтве з мясцовай уладай, эфектыўна вырашаць неадкладныя праблемы Дзвінскага краю. 

У пачатку 2020 года пачаліся мерапрыемствы для мясцовых ініцыятыў у рамках праекта "Разам для супольнасці і прыроды: умацаванне працэсу развіцця ў Міёршчыне праз партнёрства мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці", які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам. У рамках гэтага праекта два праекты атрымалі фінансаванне па 60 тысяч еўра і восем - па 10 тысяч. 

Віталь Кажух