Серада, 11 Май 2022

Жыхары Віцебску збіраюць подпісы за аднаўленне скверу на плошчы Перамогі

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Сквер на плошчы Перамогі. 2008 год. Крыніца фота: evitebsk.com Сквер на плошчы Перамогі. 2008 год. Крыніца фота: evitebsk.com

У інтэрнэце 10 траўня з'явілася петыцыя да мясцовых уладаў з прапановай аднавіць сквер на плошчы Перамогі, які быў знішчаны падчас так званай архітэктурнай перапланіроўкі плошчы ў 2009 годзе. Тады многіх жыхароў абурыла варварская высечка дрэваў. Але мясцовыя чыноўнікі на гэта не звярнулі ўвагу. Усе сабраныя подпісы будуць дасланыя 17 траўня ў Віцебскі гарадскі выканаўчы камітэт.

Аўтары ініцыятывы звяртаюць увагу чыноўнікаў, што «сквер быў не толькі ўтульным месцам, каб бавіць час, але і эстэтычнай ды экалагічнай славутасцю гораду». І нагадваюць, што сквер быў створаны ў гонар 30-годдзя вызвалення Віцебску ад фашысцкіх акупантаў і ў гонар 1000-годдзя гораду. А дрэвы для яго звозіліся з розных куткоў Савецкага Саюзу.

Актывісты ў звароце спасылаюцца на палажэнні Закону «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» і Закону «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», а таксама іншыя нарматыўна-прававыя акты.

Аўтары петыцыі просяць гарадскія ўлады:

  • правесці архітэктурную перапланіроўку плошчы Перамогі, якая прадугледжвае размяшчэнне на ёй сквера;
  • вынесці праекты новай архітэктурнай планіроўкі з улікам наяўнасці скверу на грамадскае абмеркаванне;
  • уладкаваць сквер для адпачынку на тэрыторыі плошчы;
  • забяспечыць добраўпарадкаванне тэрыторыі плошчы: усталяваць лаўкі і сметніцы.

Плошча Перамогі ў Віцебску – самая вялікая па памерах плошча ў Беларусі. Рашэнне аб яе рэканструкцыі і ліквідацыі скверу са шматлікімі рэдкімі для гэтых мясцін дрэвамі і кустамі прымаў асабіста Аляксандр Косінец, які на той момант быў старшынём Віцебскага аблвыканкаму.

Ці хопіць смеласці новым гарадскім і абласным уладам вярнуць гістарычнае аблічча плошчы? Аўтары петыцыі натхніліся вяртаннем аўтэнтычнага колеру так званаму «сіняму дому» у цэнтры гораду. За вяртанне гістарычнага аблічча будынку таксама выступалі многія гараджане. І мясцовыя ўлады быццам бы іх пачулі.

Віталь Аляксееў