Друкаваць гэтую старонку
Серада, 04 Снежань 2019

«Гэта горад шэрых людзей»?.. У Віцебску прайшоў Meetup 2.0 – фота

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Падчас сустрэчы. Фота: Kiryl Barodzich Падчас сустрэчы. Фота: Kiryl Barodzich

Гарадзкія актывісты Віцебску сустрэліся і абмеркавалі мясцовыя праблемы на Meetup 2.0. Сустрэча, на якую прыйшлі некалькі дзясяткаў маладых людзей, адбылася ў абласным цэнтры 1 сьнежня.

Фармат імпрэзы – мітап – прадугледжваў, што ўдзельнікі самі будуць уздымаць актуальныя для горада праблемы, а пасьля – самі ж знаходзіць iх вырашэньні. Падчас сустрэчы сапраўды агучваліся разнастайныя ідэі і тэмы для абмеркаваньня.

Удзельнікаў мітапу, прыкладам, вельмі непакоіць жахлівы стан гораду і «любоў мясцовых уладаў да паказухі». Марнуюцца вялікія грошы на праекты, якія Віцебску зусім не патрэбныя. Мясцовая ж улада думае ня столькі пра людзей, колькі пра атрыманьне фінансавых выгадаў ад прыцягненьня турыстаў.

Якая карысьць ад «зялёных піянінаў»?..

«Трэба, каб ня толькі турыстам, а нам, гараджанам, было тут утульна. Таму неабходна разьвіваць ня толькі цэнтар гораду і ставіць там «зялёныя піяніны», а і ўскраіны», – абураўся адзін з удзельнікаў дыскусіі.

Як варыянт вырашэньня гэтай праблемы прапанавалі правесьці вулічны фэст або канцэрт у Білеве – там застаецца шмат прасторы, якая не выкарыстоўваецца і зарастае травой. Гэта ня толькі дасьць штуршок разьвіцьцю спальнага раёну, але і паспрыяе росту грамадзянскай актыўнасьці у мясцовых жыхароў, якія спрычыняцца да арганізацыі такой імпрэзы.

Расштурхаць гараджан, захапіць ідэямі, прывабіць уласнай ініцыятывай – гэта вельмі важна, мяркуюць удзельнікі мітапу.

«Наш горад вельмі шэры. Нейкая шэрая біямаса людзей, адсутнічаюць актыўныя і ініцыятыўныя людзі. Думаюць, як пражыць сёньняшні дзень, а не пра будучыню», – казаў адзін з маладзёнаў.

«Людзі баяцца адстойваць свае думкі і правы. Віцябляне баяцца сваёй ініцыятыўнасьці», – падтрымліваў яго другі.

Якія праблемы актуальныя для Віцебску

Як актуальныя, актывісты вызначылі наступныя праблемы і пагрозы для горада:

  • недастатковая колькасьць некамэрцыйных арганізацый, людзі ня ведаюць, чым заняцца;
  • правядзеньне ў горадзе «Дажынак»;
  • фэстываль «Славянскі Базар», які раздражняе многіх гараджан;
  • большасьць гарадзкіх мерапрыемстваў нудныя і нецікавыя;
  • адсутнасьць камунікацыі паміж грамадзтвам і гарадзкімі ўладамі;
  • непрыдатнасьць прыпынкаў грамадзкага транспарту;
  • недастаткова разьвітая велаінфраструктура;
  • адсутнічаюць гарадзкія незалежныя сродкі масавай інфармацыі, якія б уздымалі актуальныя праблемы і паведамлялі аб розных грамадзкіх мерапрыемствах і ініцыятывах;
  • няма цэнтру па зборы непатрэбных рэчаў.

Як палепшыць горад

Удзельнікі сустрэчы прапанавалі некаторыя ідэі, ажыцьцяўленьне якіх, на іх думку, змагло б палепшыць горад.

Прапанавалі праводзіць альтэрнатыўныя фэсты, арганізатарамі якіх выступалі б самі грамадзяне (фэстывалі аўтарскай песьні, вулічныя фэсты ежы ды інш.). Агучылі прапанову разьмясьціць «Карты гарадзкіх славутасьцяў» на прыпынках грамадзкага транспарту. А таксама – усталяваць у розных раёнах горада інфармацыйныя тумбы, на якіх актывісты і грамадзкія арганізацыі маглі б бясплатна разьмяшчаць інфармацыю аб сваёй дзейнасьці і анансаваць розныя імпрэзы і ініцыятывы.

Удзельнікі сустрэчы мяркуюць, што ў школах і садках трэба часьцей ладзіць сустрэчы на экалягічныя тэмы і прывучаць дзяцей да паасобнага збору сьмецьця, і рацыянальна карыстацца рэсурсамі.

Горад стане больш утульны, калі ў розных яго раёнах стварыць пляцоўкі для сустрэчаў моладзі. Гэта, у тым ліку, дапаможа разьвіваць камунікацыю між рознымі грамадзкімі арганізацыямі і мясцовымі ініцыятывамі.

Meetup 2.0 ладзіўся ў Віцебску ў межах праекту InspiredBY, мэтай якога ёсьць стварэньне магчымасьцяў для знаёмства, абмену досьведам і разьвіцьця супрацоўніцтва мясцовых актывістаў з розных сфэраў дзейнасьці – для абмеркаваньня магчымых рашэньняў важных лякальных пытаньняў.

Уладзімер Бяляўскі, фота Kiryl Barodzich

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.