Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 11 Лістапад 2019

Валянтэрка Аксана Дзьякава: Людзі з інваліднасьцю – звычайныя людзі

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Аксана Дзьякава Аксана Дзьякава

Палачанка Аксана Дзьякава ўжо больш за 10 гадоў працуе валянтэркай у грамадзкай арганізацыі «Струмок» – асацыяцыі бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасьцю. Аксана дапамагае ладзіць дабрачынныя імпрэзы і ранішнікі. І яна –  разбурае стэрэатыпы ў дачыненьні да людзей з інваліднасьцю…

Быць валянтэрам, то бок рабіць карысную справу і не атрымліваць за гэта грошай – зьява для Беларусі пакуль рэдкая. Толькі нязначная частка нашага грамадзтва гатовая траціць час і сілы на тое, каб палепшыць сьвет вакол сябе. Хтосьці вырашае экалягічныя праблемы – прасоўвае ідэі зялёнай энэргетыкі, прыбірае сьмецьце ў парках, на берагах рэк і азёр. А хтосьці – дапамагае іншым людзям.

Аксана Дзьякава знайшла сваё пакліканьне. Яна атрымала адукацыю мэдсястры, а пасьля скончыла ўнівэрсытэт імя Максіма Танка па спэцыяльнасьці «выкладчык фізычнай культуры і лячэбна-фізычнай культуры». Цяпер Аксана працуе галоўным спэцыялістам у полацкім Цэнтры, прыязным падлеткам, «Адкрыцьцё» («Откровение»). Цэнтар дапамагае вырашаць падлеткам вострыя праблемы: канфлікты ў сям'і і школе, непадзеленае каханьне, непажаданая цяжарнасьць, ужываньне алькаголю, наркотыкаў, паленьне ды іншыя.

Аксана расказала «Віцебскай Вясьне», навошта яна займаецца валянтэрскай дзейнасьцю і што гэта ёй дае.

Я валянтэрка грамадзкай арганізацыі «Струмок». Гэта асацыяцыя бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасьцю. Я дапамагаю ладзіць дабрачынныя імпрэзы, удзельнічаю ў арганізацыі ранішнікаў для дзетак. Распавядаю ва ўстановах адукацыі аб дзецях з інваліднасьцю і праводжу заняткі па разбурэньні стэрэатыпаў у адносінах да людзей з інваліднасьцю. Праводжу заняткі сярод звычайных людзей, студэнтаў каледжаў і ўнівэрсытэтаў.

Супрацоўніцтва з навучальнымі ўстановамі ўжо наладжанае, і мяне ўжо добра ведаюць. Заняткі ладзім у цікавай форме. Гэта ня проста лекцыі, а інтэрактыўныя гульні, практыкаваньні і гэтак далей. Таксама праводзім ранішнікі, у тым ліку навагоднія. Цяпер, дарэчы, шукаем спонсараў – для таго каб усе дзеткі атрымалі калядныя падарункі. Даволі часта праводзім супольныя дабрачынныя акцыі. Напрыклад, у нас была акцыя сумесна з «Беларусбанкам», падчас якой супрацоўнікі банку дарылі дзецям падарункі.

– А як наладжаная праца ў арганізацыі?

– Мы ўзаемадзейнічаем з многімі людзьмі. Напрыклад, калі мне патрэбныя валянтэры для правядзеньня акцыі, то я тэлефаную людзям, зь якімі мы супрацоўнічаем, – і яны з задавальненьнем адгукаюцца.

У верасьні мы праводзілі анкетаваньне сярод насельніцтва, каб выявіць, што людзі думаюць аб разьвіцьці безбарʼернага асяродзьдзя ў горадзе. Будзем праводзіць сацыяльны аўдыт па безбарʼерным асяродзьдзі ў Полацку. Я правяла 5 трэнінгаў з псыхолягамі, сацыяльнымі пэдагогамі і ў трох навучальных установах.

– Як вы прыйшлі ў арганізацыю і сталі валянтэркай?

– Мяне запрасілі, таму што я дастаткова актыўны чалавек. Запрасілі, каб я правяла трэнінг. У мяне ўжо быў досьвед, навыкі. І людзі ведалі, што я магу дапамагчы, што магу правесьці нейкія імпрэзы.

Карацей, мне проста прапанавалі быць валянтэркай і дапамагаць. І я з задавальненьнем пагадзілася.

– Што матывуе займацца валянтэрскай дзейнасьцю?

– Мая асноўная занятасьць зьвязаная з працай з дзецьмі і падлеткамі. І ў тэму працы з інвалідамі я прыйшла, бо добра разумею, што людзям трэба казаць аб гэтай праблеме. Гаварыць, што яна ёсьць, і разбураць гэтыя стэрэатыпы ў дачыненьні да людзей з інваліднасьцю. Каб звычайныя людзі ставіліся да людзей з інваліднасьцю як да звычайных людзей. Каб гэта было роўнае стаўленьне, без стэрэатыпаў, без якой-небудзь дыскрымінацыі, без стыгматызацыі.

– Сямʼя падтрымлівае ваш занятак?

– Сямʼя падтрымлівае. У мяне двое маленькіх дзетак, і яны з задавальненьнем удзельнічаюць у маіх мерапрыемствах. Я іх таксама далучаю.

І гэта таксама было своеасаблівай матывацыяй. Бо мая дачка ў пяць гадоў спытала: «Мама, а хто такія інваліды?». І я ёй стала распавядаць, паказваць ціхенька дзесьці на вуліцы. І яна некаторы час пыталася: «Мама, а гэта інвалід?». А потым перастала запытвацца, і да мяне прыйшло разуменьне таго, што яна пачала ўспрымаць людзей з інваліднасьцю як звычайных людзей.

Дачка гуляе на дзіцячай пляцоўцы, і для яе няма розьніцы, хто побач зь ёй – дзіцё з сындромам Даўна альбо звычайнае дзіцё. Таму я яшчэ больш актыўна пачала ў гэтым накірунку працаваць і падключаць сваіх дзяцей да гэтай працы. Яны мне цяпер вельмі дапамагаюць.

Гутарыў Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.