Субота, 22 Чэрвень 2019

Мікалай Статкевіч і Яўген Афнагель сустрэліся з жыхарамі Наваполацку

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Афнагель і Статкевіч у Наваполацку Афнагель і Статкевіч у Наваполацку

Імпрэза адбылася 20 чэрвеня ў наваполацкім гатэлі “Дружба”. Каб паслухаць лідэраў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу (БНК), прыйшло больш за 60 чалавек. Па словах арганізатараў, яны самі не чакалі, што зьбярэцца столькі народу.

У перапоўненай зале было горача. Але не толькі празь 30-градусную сьпёку за вокнамі – атмасфэру сустрэчы распалялі і эмоцыі ўдзельнікаў. Многія прыйшлі ня толькі паслухаць ці задаць пытаньне, а выказаць сваё меркаваньне,  падыскутаваць.

“Нас чакае вырашальная бітва…”

Адно з самых вострых пытаньняў, якое хвалявала многіх, датычылася адносінаў з Расеяй і магчымай інтэграцыі.

“Ёсьць вялікая небясьпека, што ў бліжэйшы час мы можам страціць нават тую фармальную незалежнасьць, якую зараз маем. Яе фактычна няма, бо мы ўсе разумеем, што беларускі рэжым трымаўся на датацыях з Крамлю. Але сытуацыя такая, што Пуціну патрэбна новая перамога, яму трэба вырашыць праблему перавыбраньня, – казаў Яўген Афнагель.

Яўген Афнагель

На яго думку, Пуцін і расійскія эліты даціскаюць Лукашэнку, каб той здаваў незалежнасьць.

“І нас чакае вырашальная бітва за свабоду, бітва за незалежнасьць. Мірная, негвалтоўная, але бітва. І калі мы прайграем яе, то ўжо будзем змагацца ў Беларускай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі, – дадаў палітык.

Штуршок да разьвіцьця дасьць толькі свабода

Амаль усе прысутныя выказаліся супраць якой-небудзь інтэграцыі з усходнім суседам. Толькі адзін мужчына, які назваўся выхадцам з Расеі, заявіў, што выступае за аб’яднаньне. І патлумачыў, што толькі ў складзе РФ нашая краіна зможа палепшыць сваё эканамічнае становішча. Такое меркаваньне выклікала бурную рэакцыю залі.

Сустрэча ў Наваполацку выклікала ажыятаж - заля была цалкам запоўненая

На думку Мікалая Статкевіча, уваход Беларусі ў склад Расеі ня вырашыць эканамічных праблем нашай краіны. Нават танная расейская нафта ня можа ўжо быць фактарам росту. Толькі свабода, мяркуе Статкевіч, можа даць магутны штуршок для эканамічнага разьвіцьця краіны і дабрабыту грамадзян.

“Самы галоўны патэнцыял любой краіны – гэта людзі. Трэба проста прынесьці свабоду. А ў сьвеце ж поўна грошай. Будуць тады і інвэстыцыі, і датацыі. Будзе эканамічны рост, бо стартавая база маленькая, грамадзтва заціснутае, а грошы ідуць на ўтрыманьне тых прадпрыемстваў, якімі кіруюць зусім па-калгаснаму. І іх кіраўнікі баяцца, што іх пасадзяць, - сказаў Мікалай Статкевіч.

Выступае Мікалай Статкевіч

“Рэжым як ніколі слабы…”

Што да зьмены ўлады, то, на думку сталічных палітыкаў, зрабіць гэта цалкам рэальна. Многія грамадзяне жадаюць пераменаў.

Паводле Яўгена Афнагеля, сёньня супраць Лукашэнкі настроеныя больш за 80% беларусаў, таму рэжым дзейснага прэзыдэнта як ніколі слабы. І калі выбары фальсыфікуюцца і ніяк не ўплываюць на расстаноўку сілаў, то мірныя масавыя акцыі пратэсту могуць прымусіць Лукашэнку сысьці ў адстаўку ці адмовіцца ад ідэі вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах.

На сустрэчы таксама закраналіся пытаньні, якія тычыліся будучых выбарчых кампаній – парлямэнцкай і прэзыдэнцкай. Абмяркоўвалася эканоміка, прыцягненьне моладзі ў палітыку, стратэгіі перамогі і многія іншыя пытаньні.

Падобныя сустрэчы лідэры Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу (БНК) праводзяць цягам двух месяцаў у розных гарадах краіны. За гэты час яны наведалі Барысаў, Маладэчна, Горадню ды іншыя гарады. Прыедуць і ў Віцебск.

Сустрэча з Мікалаем Статкевічам і Яўгенам Афнагелем у Віцебску адбудзецца 26 чэрвеня а 18-й гадзіне ў арт-прасторы VZAP (вул. Кастрычніцкая, 2)

Уладзімер Бяляўскі, фота аўтара