Серада, 20 Люты 2019

Прэс-клюб у Віцебску. Як NGO лепш наладжваць супрацу з уладай – відэа

Ацаніць гэты матэрыял
(10 галасоў)
Мадэратарам сустрэчы выступіў Уладзімер Булаўскі Мадэратарам сустрэчы выступіў Уладзімер Булаўскі

17 лютага ў Віцебскай абласной бібліятэцы ў межах праграмы “Разам да справы” прайшоў рэгіянальны прэс-клюб. Яго арганізатарамі выступілі грамадзкая культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Цэнтар дасьледаваньня грамадзкага кіраваньня SYMPA.

У імпрэзе ўзялі ўдзел грамадзкія актывісты, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі і блогеры. Былі запрошаныя і прадстаўнікі мясцовай выканаўчай улады, але, на жаль, на сустрэчу ніхто зь іх не прыйшоў. Праўда, была і неспадзяванка: у залі прысутнічала віцебская дэпутатка Палаты прадстаўнікоў НС РБ Тацяна Старынская.

Падчас амаль 4-гадзіннай дыскусіі актывісты і журналісты, пры актыўным удзеле трох запрошаных сьпікераў, паспрабавалі адказаць на пытаньні: “Ці можа быць эфэктыўным супрацоўніцтва грамадзкіх актывістаў і мясцовых органаў улады? Якое месца ў гэтым працэсе могуць займаць рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі?"

У якасьці сьпікераў выступілі экспэртка ў галіне партыпасыпатыўнага кіраваньня Тацяна Кузіна, экспэрт па ўстойлівым разьвіцьці Алег Сівагракаў і грамадзкая дзяячка Валянціна Болбат зь Верхнядзьвінску.

Грамадзкім арганізацыям давяраюць мала

На пачатку сустрэчы Тацяна Кузіна пазнаёміла з вынікамі вялікага сацыялягічнага дасьледаваньня “Грамадзянская супольнасьць у Беларусі: давер і ўдзел насельніцтва, асаблівасьці ўзаемадзеяньня зь дзяржавай”.

Выступае Тацяна Кузіна

У апытаньні бралі ўдзел больш за 1000 чалавек ва ўзросьце ад 18 гадоў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Вынікі дасьледаваньня даволі цікавыя і паказальныя. Падаем тут толькі некалькі лічбаў, вырваных з кантэксту дасьледаваньня. Пазнаёміцца з вынікамі цалкам можна тут.

  • Недавер прэзыдэнту выказалі 44,3% апытаных, а мясцовым органам улады – 57%.
  • Грамадзкім арганізацыям не давяраюць каля 48% рэспандэнтаў.
  • На думку 64,3% людзей, дзяржаўныя органы ўлады ў нашай краіне не прадстаўляюць усю неабходную інфармацыю пра сваю працу, то бок зьяўляюцца закрытымі і непразрыстымі для грамадзтва.
  • 26,7% грамадзян лічаць, што дзяржава спрабуе ўсталяваць поўны кантроль над дзейнасьцю грамадзкіх арганізацый, а 12,4% думае, што дзяржава хоча зьнішчыць незалежныя ініцыятывы.

Супраца ў рэчышчы ўстойлівага разьвіцьця

Менскі экспэрт па ўстойлівым разьвіцьці Алег Сівагракаў выступіў з прэзэнтацыяй “Грамадзянская супольнасьць і ўлады: супрацоўніцтва ў рэчышчы ўстойлівага разьвіцьця ў Беларусі”.

Алег Сівагракаў прэзэнтаваў падчас сустрэчы сваю новую кнігу "100 крокаў да ўстойлівага разьвіцьця нашага мястэчка"

Выступоўца паспрабаваў на прыкладзе разьвітых краін паказаць, як павінна разьвівацца ўзаемадзеяньне грамадзянскай супольнасьці і дзяржавы. Цяпер у гэтай сфэры ў Беларусі назіраюцца сыстэмныя праблемы: вялікая цэнтралізацыя ўлады (па сутнасьці, адсутнасьць мясцовага самакіраваньня); адсутнасьць заканадаўства аб дабрачыннай дзейнасьці; дазваляльны прынцып рэгістрацыі міжнароднай дапамогі ды іншыя.

Верхнядзьвінская практыка

Грамадзкая актывістка з Верхнядзьвінску Валянціна Болбат распавяла аб тых праблемах, якія існуюць у рэгіёнах і падзялілася ўласным досьведам узаемадзеяньня зь мясцовымі органамі ўлады.

Валянціна Болбат

Паводле сьпікеркі, сёньня на 22 тыс. чалавек насельніцтва Верхнядзьвінскага раёну прыпадае ўсяго 13 грамадзкіх арганізацый, што, безумоўна, мала па мерках разьвітых краін. Прычым большасьць з гэтых ГА – прадзяржаўныя, накшталт “Белай Русі”. Зь незалежных працуюць толькі “Таварыства беларускай мовы”, арганізацыя шматдзетных сем’яў ды Беларуская жаночая ліга.

На думку Валянціны Болбат, у дзейнасьці рэгіянальнай арганізацыі вялікае значэньне мае стаўленьне да яе першай асобы ў раёне – старшыні райвыканкаму. Калі яно будзе станоўчым, то і праблем будзе менш. Хаця ў прававой дзяржаве павінна мець значэньне не меркаваньне чыноўніка, а найперш законнасьць тых ці іншых рашэньняў.

Тацяна Старынская: Трэба навучыцца чуць адзін аднаго

Ужо казалі, што прысутнасьць на сустрэчы дэпутаткі ПП НС Тацяны Старынскай, было нечаканым, бо народныя абраньнікі нячаста цешаць сваімі візытамі на падобныя імпрэзы. Падчас агульнай дыскусіі яна ўзяла слова: расказала, як прымаюцца ў Палаце прадстаўнікоў законапраекты, сьцьвердзіла, што ў стасунках улады і NGO надыходзіць “моцнае пацяпленьне”.

Напрыканцы сустрэчы выступіла Тацяна Старынская

Закранула таксама пытаньне працы СМІ на паседжаньнях беларускага парлямэнту. Аказалася, што журналістаў незалежных выданьняў не акрэдытуюць у Палату таму, што яны выбіраюць ня вельмі правільныя ракурсы і робяць фатаграфіі, якія не падабаюцца дэпутатам.

“За тры гадзіны пасяджэньня, вядома, можа засьвярбець у носе, альбо захочаш паправіць фрызуру, альбо проста мігнуць ці памяняць нагу. І вось палова журналістаў ловіць вялікімі камэрамі, калі дэпутат нахіліўся, калі паклаў галаву, калі пачухаў нос”, – абуралася дэпутатка і заклікала да карэктнасьці.

“Нам трэба навучыцца паважаць адзін аднаго, быць карэктнымі, слухаць і чуць…” – падагульніла Тацяна Старынская.  

Уладзімер Бяляўскі