Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 07 Люты 2017

Актывістка БАЖ: Літаратурны конкурс павялічыць тэрыторыю дабра і любові

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебская філія грамадзкага аб'яднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) у межах «Эстафэты добрых справаў» да Дня сьвятога Валянціна, 23 лютага і 8 сакавіка абвясьціла літаратурны конкурс. Тэма конкурсу: «За што я ўдзячны сваёй каханай/каханаму». Пераможцаў назавуць у Міжнародны жаночы дзень, а іх творы апублікуюць на адным з сайтаў.

Да 28 лютага на электронны адрас Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. усе зацікаўленыя паўналетняга ўзросту могуць дасылаць эсэ, апавяданьні, сачыненьні або казкі з пазначэньнем сапраўднага імя і кантактных дадзеных.

Сябра БАЖ Алена Шабуня распавяла нашаму карэспандэнту пра літаратурны конкурс.

Спадарыня Алена, падзяліцеся, калі ласка, з нашымі чытачамі тым, як паўстала ідэя правядзеньня «Эстафеты добрых справаў»?

Яшчэ ўвосень прадстаўнікі розных філіяў БАЖ заплянавалі шэраг добрых справаў. Задума палягала ў тым, каб рабіць справы ня ў якасьці журналістаў, а як звычайныя людзі. І рабіць іх дзеля наладжваньня дыялёгу паміж грамадзянамі і прадстаўнікамі незалежнай прэсы. У кожнай філіі была свая прапанова: ад разнастайных конкурсаў да навучаньня ахвочых стаць журналістамі; ад сьвяточных віншаваньняў да наведваньня дому састарэлых… Добрую ідэю высунуў браслаўскі журналіст Гальляш Сялява. Ён прапанаваў рабіць добрыя справы як эстафэту, каб чарга пераходзіла ад адной філіі да другой, ахопліваючы і злучаючы гэткім чынам усю краіну ў адно цэлае.

Чаму ваша добрая справа мусіць увасобіцца менавіта як літаратурны конкурс для закаханых?

Задумаў у нас шмат, і, робячы гэты конкурс, мы проста скарысталіся звычкай нашых людзей рабіць нешта добрае да сьвятаў закаханых, якіх наперадзе багата. Насамрэч, здавалася б, ну якая гэта добрая справа – літаратурны конкурс?.. Але хіба не прыемна пачуць добрыя словы ад блізкага чалавека? Ды, мяркую, ня менш прыемнасьці атрымлівае той, хто іх кажа. І, пагадзіцеся, шматкроць прыемней пачуць словы ўдзячнасьці, сказаныя публічна.

У нашай рэчаіснасьці праявы дабрыні здараюцца ня часта, таму конкурс мусіць павялічыць тэрыторыю дабра і любові, якая нават ў сямейным жыцьці досыць часта зьмяншаецца да памераў шчыгрынавай скуры.

У сувязі з гэтым прыгадваецца анэкдот.

Жонка пытаецца ў мужа:
– Ты мяне кахаеш?
– Я ж табе пра тое сказаў дваццаць гадоў таму і папярэдзіў, што калі што-небудзь зьменіцца, ты даведаесься пра тое першай.

Таму наш конкурс, мы спадзяёмся, хоць у малой ступені парушыць гэткі анэкдатычны стан узаемных адносінаў, хоць сярод нейкай часткі нашых удзельнікаў. Мы хочам натхніць людзей выказваць словы падзякі, каханьня, любові. Гэтыя словы і пачуцьці мусяць выказвацца ня толькі да Дня сьвятога Валянціна, 23 лютага ці 8 сакавіка. Пажадана выказваць пачуцьці штодзённа. І што важна: для гэтага ня трэба быць шматслоўным, дастаткова ўсяго некалькіх словаў, сказаных ад душы. Падумайце толькі, наколькі б мацнейшымі і лепшымі ад таго сталі б стасункі між людзьмі і ў сем’ях.

Мы спадзяёмся, што будзе шмат лістоў са словамі падзякі, прызнаньнямі ў каханьні і любові самым блізкім людзям. А мы, са свайго боку, абяцаем вызначыць і ўзнагародзіць самых лепшых. З галоўным прызамі мы ўжо вызначыліся, але я пакуль не хачу раскрываць усе карты. Няхай захоўваецца інтрыга, асабліва што тычыцца галоўнага прызу. Скажу толькі, што тры наступныя прызы будуць аднолькавыя. Незалежна ад таго, кім будуць тры жанчыны-прызёркі – аўтаркамі ці гераінямі конкурснага твору – яны атрымаюць у падарунак прафэсійны макіяж і фотасэсію. Але і мужчын не пакрыўдзім.

Якія мэты вы ставіце перад сабой, праводзячы літаратурны конкурс?

Па-першае, мы мяркуем, што конкурс будзе мець пэўны розгалас, і вельмі хочам, каб зробленае асобнымі людзьмі натхніла іншых на добрыя справы. Па-другое, мы маем намер данесьці да людзей тое, што журналісты ня толькі распавядаюць пра падзеі і паведамляюць аб праблемах, але таксама, што яны гэткія ж самыя грамадзяне, і таксама зацікаўленыя ў вырашэньні грамадзкіх праблемаў. Хочам данесьці і тое, што журналісты маюць багаты досьвед, і да іх можна заўжды зьвярнуцца па дапамогу. Да таго ж важна, каб людзі ведалі, што ёсьць Беларуская асацыяцыя журналістаў, якую мы гэткім чынам папулярызуем.

С. Горкі