Аўторак, 14 Чэрвень 2016

Як супрацьстаяць дзейнасьці агентаў «рускага сьвету» на тэрыторыі Віцебшчыны?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

4 чэрвеня ў «Эўрапейскім клюбе» актывісты шэрагу дэмакратычных партыяў і арганізацыяў, занепакоеныя актывізацыяй прадстаўнікоў «рускага сьвету» ў Віцебскім рэгіёне, разважалі над маштабамі іхнага ўплыву на грамадзтва і абмяркоўвалі магчымыя шляхі супрацьдзеяньня гэтай пагрозе.

Ініцыятарамі правядзеньня «круглага стала» ў абласным цэнтры выступілі сябры аршанскай моладзевай суполкі «Зьвяз» Ігар Казьмярчак і Аляксандар Макарэвіч. Ва ўмовах, калі дзяржаўныя чыноўнікі заплюшчваюць вочы ці нават патураюць дзеяньням адыёзных прадстаўнікоў «рускага сьвету», ініцыятыву па выкрыцьці іхных антыбеларускіх захадаў даводзіцца браць на сябе прадстаўнікам дэмакратычнай супольнасьці ды незалежным журналістам.

Напачатку сустрэчы Ігар Казьмярчак вызначыў паняцьце «рускі сьвет» як імпэрскую шавіністычную канцэпцыю, якая стала дзяржаўнай ідэалёгіяй і якая сьцьвярджае: дзе гучыць расейская мова – там і ёсьць «рускі сьвет». Зыходзячы з гэткага меркаваньня, Беларусь нароўні з Украінай і Казахстанам, безумоўна ж, трапляе ў сфэру ўплыву «рускага сьвету», як і іншыя краіны. Аднак нягледзячы на ўсю агрэсіўнасьць згаданай канцэпцыі, зь меркаваньня спадара Ігара, найбольшую небясьпеку яна ўяўляе не для суседзяў, а найперш для самой Расеі, што ўжо пачало праяўляцца праз эканамічныя санкцыі ды яе самаізаляцыю.

Далейшая размова ішла не пра такія інстытуцыянальныя арганізацыі, якія апрыёры заангажаваныя ў пэўную працу на карысьць канцэпцыі «рускага сьвету» (праваслаўная царква, прарасейскія сродкі масавай інфармацыі), а пра так званых агентаў «рускага сьвету», якія прапагандуюць гэтую ідэю, спрабуючы супрацьстаяць беларускай дзяржаўнасьці.

На першае месца ў гэтым сьпісе Ігар Казьмярчак паставіў «Расейскае нацыянальнае адзінства» – аб'ектыўна нацысцкую арганізацыю, якая на Беларусі не была зарэгістраваная, хаця яе газэта «Рускі парадак» атрымала афіцыйную рэгістрацыю і выдавалася ў свой час у Гародні. Апошнім часам арганізацыя не праяўляе актыўнасьці, аднак яе прыхільнікі ёсьць і ў Воршы, і ў Віцебску. Падчас украінскага Майдану яны ізноў актывізаваліся: у сацыяльных сетках прадстаўнікі РНА аб'явілі пра стварэньне беларускага антымайдану.

Другім у сьпісе арганізацыяў, якія нясуць небясьпеку, была названая ініцыятыва «Рускія прабежкі». Абгорнутая ў прыгожы фанцік агітацыі моладзі за здаровы лад жыцьця, ініцыятыва тоіць у сабе пагрозу: не пасьпеў азірнуцца, а ты ўжо сябра экстрэмісцкай арганізацыі, дзе прабежкі – толькі мэтад вярбоўкі.

Людзі без арганізацыі. Да гэтай катэгорыі прадстаўнікоў «рускага сьвету» можна прылічіць апалягета аднаўленьня Расейскай імпэрыі Ігара Грыгор'ева, які ў свой час спрычыніўся да дыскрэдытацыі кандыдата на пасаду прэзыдэнта Тацяны Караткевіч.

«Праваслаўны казацкі вайскова-патрыятычны клюб у імя Архангела Міхаіла», які ачольвае Тацяна Гаўрыліна разам са сваім мужам. Дзейнасьць клюбу суправаджаецца бясконцымі канфліктамі. Адзін зь іх здарыўся ў сярэдняй школе №19 Воршы, дзе на мерапрыемстве быў выкарыстаны сіне-барвова-зялёны трыкалёр зь беларускім арнамэнтам па краі. Сьцяг нагадвае сымбаль «Кубанскай Народнай Рэспублікі», што невыпадкова: сама Тацьцяна Гаўрыліна – сябра «Кубанскай асацыяцыі казакоў "Россия"». А зусім нядаўна пара Гаўрыліных аскандалілася яшчэ больш: беларускіх дзетак з Талачына і Друцку вазілі на ваенныя зборы да расейскага фашыста Аляксея Мільчакова.

У Воршы даволі даўно дзейнічае вайскова-патрыятычны клюб «Русічы». Клюб досыць аўтарытэтны на ўзроўні мясцовай ўлады і ўдзельнічае у шмат якіх лякальных мерапрыемствах, дзе яго сябры маршыруюць у вайсковай форме. Узначальвае яго Рыгор Шарай. Сёньня падлеткі дзейнічаюць, як казацкі атрад. І што дзіўна – дзейнічаюць яны пры падтрымцы ЮНЭСКА.

Моладзевы вайскова-патрыятычны клюб «Спарта» і аддзел «Начных ваўкоў» у Сяньне. Клюб узначальвае былы савецкі афіцэр Алег Шумкоў, які вызначыўся зборам гуманітарнай дапамогі для «цудоўнай Наваросіі».

А вось байкерамі кіруе Алег Усьціновіч (мянушка Лешы). На тэрыторыі аграсядзібы яны маюць нават уласную базу, дзе і праводзяць вялікія байкфэстывалі, куды заўжды наведваюцца байкеры з Расеі. Трэба нагадаць: расейскія «Начныя ваўкі» даволі актыўна ўдзельнічалі ў захопе Крыму.

Віцебскі «Расейскі культурны цэнтар "Русь"». Гэтую грамадзкую арганізацыю ўзначальвае Аляксей Мішурны. Афіцыйна цэнтар нібыта намагаецца праводзіць дзейнасьць, скіраваную на захаваньне расейскай традыцыйнай культуры.

Старшыня абласной арганізацыі БНФ Кастусь Смолікаў, які ўдзельнічаў у імпрэзе ў «Эўрапейскім клюбе», згадаў дзейнасьць палітычнай партыі «Славянскі сабор "Белая Русь"», якая калісьці была ідэйнай пляцформай для яднаньня асобаў, хворых на русафільства і беларусафобію. Так, цяпер партыя не існуе, але яе былыя сябры нікуды ня зьніклі. І ў гэтых людзей ёсьць магчымасьць уплываць ня толькі на ўзроставую аўдыторыю, але і ўваходзіць у школьныя клясы і студэнцкія аўдыторыі.

Віцебская каардынатарка аргкамітэту БХД Тацяна Севярынец заклікала не спыняць практыку зваротаў у дзяржаўныя органы, і ў прыватнасьці ў Міністэрства юстыцыі, каб супрацьдзейнічаць прарасейскім шавіністычным арганізацыям, агентам «рускага сьвету», якія сваімі ідэямі імкнуцца разбурыць падмурак беларускай дзяржаўнасьці.

Аляксандар Макарэвіч у сваім выступе засяродзіў увагу аўдыторыі на слабых месцах прапаганды «рускага сьвету» яго абаронцамі. Так, кажучы пра рост прыхільнікаў казацтва, ён нагадаў гісторыю казацкага руху ў часы Другой сусьветнай вайны, якая разбурае цэлы шэраг міфаў, што цяпер прапагандуюцца. У прыватнасьці, на баку фашысцкай Нямеччыны ў складзе аддзелаў генэрала Ўласава ваявала нашмат больш казакоў, чымся ў складзе Чырвонай арміі. Прычым яны былі вельмі актыўнымі выканаўцамі і праваднікамі шавіністычнай ідэі...

С. Горкі