Пятніца, 28 Снежань 2018

Заказчыкі ўзьвядзеньня Палацу шлюбаў разгледзелі альтэрнатыўную пляцоўку для будоўлі

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Альтэрнатыва - былы клюб Мэталістаў у Віцебску. Фота: fgb.by Альтэрнатыва - былы клюб Мэталістаў у Віцебску. Фота: fgb.by

Заказчык меркаванага будаўніцтва Палацу ўрачыстых абрадаў у Віцебску – УКБ г. Віцебску – паведаміў пра заканчэньне грамадзкіх абмеркаваньняў справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе. Дакумэнт зацьверджаны, у ягоны зьмест унесьлі адну зьмену – разгледзелі дадатковы альтэрнатыўны варыянт пляцоўкі разьмяшчэньня аб’екту.

Справаздача была зацьверджана загадам дзяржаўнага прадпрыемства “УКБ горада Віцебску” ад 26 сьнежня 2018 году і апублікаваная на сайце заказчыка.

“Будзе вымагаць дадатковыя выдаткі…”

“Згодна з пратаколам грамадзкага абмеркаваньня АЎНА і з лістом заказчыка ад 18.12.2018 г. унесенае зьмяненьне ў справаздачу “Аб навукова-дасьледчай працы”, разгледжаны дадатковы альтэрнатыўны варыянт пляцоўкі разьмяшчэньня аб’екту – будынак раённага дому культуры па вул. Энгельса, 2 (помнік архітэктуры 1932 году)”, – гаворыцца ў зацьверджанай справаздачы.

Што да будынку раённага дому культуры (былы Клюб мэталістаў), які ў адрэдагаваным варыянце разглядаецца ў якасьці альтэрнатывы, аўтары справаздачы зважаюць на блізкасьць жылой забудовы і абмежаваныя (“стесненные”) ўмовы для выкананьня будаўнічых працаў, адсутнасьць зручных пад’ездаў для вывазу будаўнічых адкідаў і сьмецьця.

Заўважаюць таксама, што ў выпадку будаўніцтва Палацу шлюбаў на Энгельса, 2 будзе выдалена 93 дрэва і 1880 кв. м. газону. А таксама, што збудаваная аўтапаркоўка для картэжаў будзе прычыняць “акустычны дыскамфорт” жыхарам бліжэйшага жылога дома і, дадаткова, “забруджваць тэрыторыю выхлапамі аўтатранспарту”.

Спасылаюцца на тое, што будынак адносіцца да гісторыка-культурных каштоўнасьцяў і разьмяшчаецца на тэрыторыі гістарычнага цэнтру гораду, дык неабходна будзе праводзіць навукова-дасьледчыя працы і археалягічныя дасьледаваньні па вывучэньні культурнага слою і г.д.

“Такім чынам, разьмяшчэньне аб’екта на дадзенай пляцоўцы будзе вымагаць дадатковыя выдаткі на кампэнсацыю за выдаленыя аб’екты расьліннага сьвету, акустычнае ўзьдзеяньне на жыхароў бліжэйшых дамоў, дадатковае забруджваньне паветра ад праежджага транспарту”, – падагульняюць аўтары справаздачы.

І прыходзяць да высновы: “Пляцоўка для разьмяшчэньня праектаванага аб’екту на выдзеленым участку (варыянт 1) (то бок – на тэрыторыі гістарычнага Ніжняга замку - ВВ) зьяўляецца аптымальнай па ступені шкоднага ўзьдзеяньня і эканамічнай выгады”.

Пра якое менавіта “ўнесенае зьмяненьне ў справаздачу “Аб навукова-дасьледчай працы” ідзе гаворка ў справаздачы, незразумела.

Апублікавалі зводку водгукаў

На сайце заказчыка, а таксама на сайце Віцебскага гарвыканкаму апублікаваная нядаўна і зборка водгукаў (пытаньняў, заўваг і прапаноў) па справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе плянаванага будаўніцтва Палацу шлюбаў. У ім – 17 водгукаў, якія арганізатары грамадзкага абмеркаваньня атрымалі ў пісьмовай форме (у тым ліку – электронныя звароты) і 12 водгукаў, атрыманых падчас сходу па абмеркаваньні справаздачы.

З 29-ці водгукаў толькі адзін – з просьбай пабудаваць Палац шлюбаў, бо “для абласнога цэнтру ЗАГС у хрушчоўцы – гэта ганьба”.

Нагадаем, сход па абмеркаваньні справаздачы АЎНА прайшоў у Віцебску 5 сьнежня. Падчас абмеркаваньня ніхто з прамоўцаў не падтрымаў ідэю будаўніцтва Палацу шлюбаў на плошчы Тысячагодзьдзя. Супраць яго будаўніцтва на ахованай законам тэрыторыі выступаюць гісторыкі і архітэктары. А актывістка аргкамітэту БХД Тацяна Севярынец заявіла, што актывісты лягуць пад тэхніку, калі сапраўды дойдзе да будаўніцтва.   

Зьміцер Міраш