Статыстычнае ўпраўленне Віцебскай вобласці праінфармавала аб інвестыцыях у рэгіянальную эканоміку за 2022 год і за чатыры месяцы бягучага года. Падзенне інвестыцый, якое намецілася некалькі гадоў таму, пазбаўляе жыхароў рэгіёну надзеі на будучы эканамічны дабрабыт.

На прадпрыемстве стварылі Моладзевую раду. Няйнакш гэта спроба «пазмагацца за моладзь», пра што перыядычна згадваюць прадстаўнікі ўладаў, калі скардзяцца на «заходні ўплыў», «дэструктыўныя інтэрнэт-рэсурсы» і гэтак далей. За апошнія месяцы «Віцебскэнерга» страціла больш за сотню адмыслоўцаў, як у Віцебску, так і ў рэгіёнах. Людзі былі звольненыя пасля судоў па «палітычных» адміністрацыйных артыкулах – 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) і 19.11 (распаўсюд «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыі). Страціўшы вытворчыя кадры, на прадпрыемстве вырашылі заняцца прэвентыўным выхаваннем моладзі – перацягнуць яе на бок прыхільнікаў дзейнай улады.

Карыстальнікі сацыяльных сетак звярнулі ўвагу на супадзенне прозвішча, імя і імя па бацьку намесніка старшыні Чашніцкага райвыканкаму і асобы, выкліканай у раённы суд за парушэнне ч.2 арт. 19.11 КаАП. Тым часам інтэрнэт-рэсурс mediazona.by спраўдзіў інфармацыю: насамрэч, адміністрацыйны пратакол складзены на былога чыноўніка, якога вінавацяць за «лайк» пад паведамленнем 2013 г. З тае пары прайшло 10 гадоў, і інфармацыйны рэсурс, дзе выказаў свае сімпатыі Аляксандр Іванавіч Сівашэнка, быў прызнаны «экстрэмісцкім». Судовы працэс прызначаны на 21 чэрвеня.

У траўні гэтага году наведнікі народнага мемарыялу, узведзенага ў памяць пра ахвяр сталінізму, расстраляных каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну, убачылі скрушную карціну. Невядомыя вандалы паламалі некалькі крыжоў, знішчылі мемарыяльныя шыдьды і ўказальнікі да ямін у лесе, дзе ў 1930-я гады адбываліся расстрэлы так званых «ворагаў народу». Гэтыя факты пацвярджаюцца ўспамінамі мясцовых жыхароў і іх нашчадкаў. Але мемарыялізаваць гэтыя мясціны ўпарта не пагаджаюцца мясцовыя ўлады: яны не заўважаюць існавання месца трагедыі. Цяпер і аддзел міліцыі Віцебскага раёну адмовіўся праводзіць праверку па фактах вандалізму.

Відавочны паказнік таго, наколькі ў Віцебскім раёне «палепшылася» становішча і дабрабыт жыхароў – гэта вялікая колькасць былых сацыяльна значных, а цяпер закінутых аб“ектаў, выстаўленых на аўкцыёны. У той час, як дзяржаўныя СМІ пераконваюць беларусаў у тым, што ў краіне расце нараджальнасць, квітнее сельская гаспадарка і адраджаюцца вёскі, кіраўніцтва Віцебскага раёну спрабуе пазбавіцца ад так званых «невыкарыстоўваемай маёмасці».