Аўторак, 06 Чэрвень 2023

Жыхары Чашнікаў звярнуліся да мясцовых уладаў з патрабаваннем рамонту дарогі і аварыйнага маста

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

У Чашніцкі райвыканкам праз рэсурс "Зручны горад" з петыцыяй звярнуліся 34 жыхары рэгіёна з просьбай добраўпарадкавання небяспечнага ўчастка дарогі, які злучае Чашнікі з мікрараёнам Папяровай фабрыкі. На думку грамадзянаў чыноўнікі павінны знайсці грошы, каб дарожныя службы ліквідавалі дэфекты дарожнага пакрыцця і тым самым гарантаваць бяспеку руху транспарту і пешаходаў.

Мясцовыя актывісты лічаць, што ўчастак дарогі ад дома №2 па вул. Гагарына, да будынка школы стварае вялікія цяжкасці для вадзіцеляў транспартных сродкаў, а таксама пешаходаў.

З-за адсутнасці добраўпарадкаванай дарогі з тратуарам, існуюць не толькі нязручнасці, але і яўныя небяспекі для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху. Бо сярод пешаходаў шмат людзей сталага веку, таксама дзяцей.

У чым праблема? А ў тым, што дарожнае пакрыццё на гэтым участку дарогі мае недахопы. А менавіта ўся дарога пакрыта выбоінамі, і як следства, на працягу ўсяго кварталу можна назіраць шматлікія лужыны. Тамуперамяшчацца на аўтамабілі па такой дарозе магчыма толькі на самай мінімальнай хуткасці і мажлівай аварыйнасццю.

Таксама занепакоянасць выклікае стан маста, размешчаны па вул. Гагарына, які праходзіць праз рэчку Лукомка. Мост мае прыкметы значнай аварыйнасці, і таксама мае патрэбу ў рамонце.

Складальнікі петыцыі нагадваюць уладам, што згодна з арт.41 і 43 Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, выканкамы абавязаны арганізаваць рамонт і ўтрыманне мясцовых дарог і гарантаваць бяспеку дарожнага руху.

Максім Джэгурда