Субота, 03 Чэрвень 2023

За няпоўныя два гады ў Віцебскай вобласці ўлады ліквідавалі больш за 30% грамадскіх аб'яднанняў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фото Ілюстрацыйнае фото

З верасня 2021 года з ініцыятывы дзяржаўных органаў паўночнага рэгіёну Беларусі судамі прымусова былі закрыты 78 грамадскіх аб'яднанняў і іншых арганізацыйных структур грамадзянскай супольнасці.

Па стане на 1 красавіка 2023 года на тэрыторыі Віцебскай вобласці ворганамі юстыцыі паставілі на ўлік 170 грамадскіх аб'яднанняў, з іх 36 маладзёжных, 45 фізкультурна-спартыўных, 21 дабрачынная, 10 нацыянальных меншасцей. Функцыянуе 17 мясцовых фондаў, 6422 арганізацыйныя структуры грамадскіх аб'яднанняў, 4066 арганізацыйных структур прафесійных саюзаў.

На думку аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэя Мішына, змяншэнне колькасці грамадзянскіх структур звязана са зменамі ў заканадаўстве, спыненнем фінансавання з боку ўрадаў краін Захаду, эміграцыяй актывістаў і натуральнымі прычынамі змяншэння насельніцтва.

Відавочна, Закон Рэспублікі Беларусь "Аб асновах грамадзянскай супольнасці", які ўступіў у сілу 14 мая, дапаможа мясцовым выканкамам канчаткова ліквідаваць “недружалюбныя” ёй грамадскія аб'яднанні і сфарміраваць "сваю", лаяльную ўладам, грамадзянскую супольнасць.

Генадзь Токараў