Нядзеля, 28 Май 2023

У Віцебску абмяркоўваюць магчымасць дэкамунізацыі мясцовых назваў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Дыскусія распачалася пасля апошняга суботніка, падчас якога было абвешчана добраўпарадкаванне гарадскога Парку імя 30-годдзя ВЛКСМ. Як высветлілася, многія гараджане нават не ведалі, што пляцоўка за басейнам «Камсамолец», засаджаная рэдкімі дрэвамі – гэта і ёсць парк. Ужо не кажучы пра тое, што не ўсе віцябляне-сучаснікі памятаюць, што такое ВЛКСМ. Ідэю добраўпарадкавання землякі ўхвалілі, бо ў так званым парку няма нават лавачак – не тое што забаўляльных атракцыёнаў. Простай магчымасці прагуляцца тут таксама няма: сцежкі з выбоінамі, сходы да Дзвіны вышчарбленыя, а таму гэтае месца даўно стала прывабным для аматараў алкаголю, а не здаровага ладу жыцця. А калі ўжо наводзіць парадак, то ці не пачаць з назвы?

Пасля таго, як паведамленне пра добраўпарадкаванне Парку імя 30-годдзя ВЛКСМ з’явілася на партале гарадскім партале, чытачы пачалі актыўна каментаваць наяўнасць шматлікіх камуністычных назваў у горадзе. Высветлілася, прыкладам, што ў Віцебску ёсць яшчэ й парк 40-годдзя ВЛКСМ, хаця гэтае месца так ніхто не называе – усе кажуць проста «парк на Віцьбе». Прыгадалі і Парк імя Фрунзе (быў названы ў гонар камандзіра часоў Грамадзянскай вайны), і Парк культуры і адпачынку імя Савецкай Арміі... Безумоўна, калісьці наданне гэтых назоваў было падмацавана рэальнай фактурай. Так, Парк імя 30-годдзя ВЛКСМ насамрэч быў закладзены да 30-годдзя камсамолу маладымі работнікамі фабрыкі імя КІМ (Камуністычнага інтэрнацыяналу моладзі) – прадпрыемства, якое даўно збанкрутавала і зачынілася.

І паколькі рэаліі мінулага часу ўжо даўно не актуальныя, то мясцовыя жыхары ў сваёй большасці зусім не супраць перайменаванняў, скажам, «камсамольскіх» паркаў або 11-ці вуліц і пяці завулкаў імя Надзеі Крупскай. Былі і прапановы зліквідаваць помнікі Леніну, ці, прынамсі, перайменаваць вуліцу і абласную бібліятэку, якая носіць ягонае імя. Што да апошняй прапановы, то такія спробы ўжо былі, але ініцыятарам адказалі, што «ветэраны супраць», і гэта можа стацца асноўным контраргументам супраць перайменавання любых гарадскіх аб’ектаў.

Прагучала думка і пра «затратнасць» дэкамунізацыі. Маўляў, давядзецца перарабляць дакументы, а гэта непа’ёмныя выдаткі для горада. Спасылаліся і на «павагу да дзядоў», якія сваімі рукамі садзілі дрэвы ў парках з састрарэлымі назовамі. І на тое, што справа не ў назвах, а ў клопаце пра тое, каб гарадскія вуліцы і паркі былі прывабнымі... Дарэчы, пасля суботніка Парк імя 30-годдзя ВЛКСМ асабліва не змяніўся. Тут крыху прыбралі смецце пасля зімы, пасадзілі кветкі ў тых месцах, дзе яшчэ захаваліся клумбы уздоўж галоўнай алеі, і паабяцалі жыхарам гораду, што неўзабаве тут будуць працаваць атракцыёны і з’явіцца «45-метровы патрыятычны мурал» на старым бетонным плоце. А пакуль развесілі рознакаляровыя шпакоўні: чамусьці толькі на трох дрэвах, але па дзесятку на кожным.

Тым часам дыскусія пра дэкамунізацыю віцебскіх назваў перацякла ў сацыяльныя сеткі. Віцябляне працягваюць выказвацца пра тое, ці варта з усіх сілаў чапляцца за старое замест таго, каб ствараць новае.

Жанна Жалейка