Аўторак, 23 Май 2023

У Браслаўскай гімназіі стварылі міліцэйскі вайскова-патрытычны клуб «МаршБрасОК»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстратыўнае фота Ілюстратыўнае фота

Стварэнне вайскова-патрыятычных клубаў у беларускіх установах адукацыі ўжо даўно перастала быць навіной. Але «МаршБрасОК» - выключэнне ў шэрагу падобных аб“яднанняў: гэты клуб для падлеткаў быў створаны па ініцыятыве раённай міліцыі. Першымі выхаванцамі сталі 12 васьмікласнікаў «з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй», гаворыцца на сайце МУС Віцебскага аблвыканкама. Начальнік Браслаўскага РАУС Аляксандр Мядзёлка падкрэсліў, што клуб будзе цесна ўзаемадзейнічаць з райаддзелам міліцыі, а ў кіраўніцтва гімназіі з“явіліся спадзевы, што заняткі ў клубе дапамогуць вызначыцца з абраннем прафесіі.

У дзень заснавання палкоўнік Аляксандр Мядзёлка ўручыў падлеткам білеты ўдзельнікаў клуба, зазначыўшы, што «клуб закліканы аб“яднаць падлеткаў у духу непрымання любых адхіленняў ад агульнапрынятых нормаў і правілаў паводзін». Ён запэўніў, што супрацоўнікі браслаўскай міліцыі накіруюць «усе сілы на фармаванне ў хлопцаў і дзяўчат патрыятычнай свядомасці, пачуцця вернасці радзіме, на авалоданне неабходнымі ведамі, уменнямі і навыкамі дзеля выканання грамадзянскіх абавязкаўпа забеспячэнні абароны Радзімы».

Удзельнікаў клуба будуць навучаць вайсковай падрыхтоўцы, тактыцы і карыстанню зброяй. А таксама для іх будуць праводзіцца дадатковыя заняткі па гісторыі Беларусі – з ухілам на аналіз падзей ХХ-ХХІ стагоддзяў.

12 першых удзельнікаў клубу далі клятву, паабяцаўшы быць узорам у вучобе, паводзіна, працягваць баявыя і працоўныя традыцыі рэгіёна, заўсёды аказваць садзеянне ораганам унутраных справаў.

Міхась Хмара