Субота, 25 Красавік 2015

Мерапрыемствы праграмы «Дарогі Беларусі» ў Віцебскай вобласьці выкананыя толькі на 40%

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Праграма “Дарогі Беларусі” на 2006-2015 гады рэалізаваная ў Віцебскай вобласьці толькі на 40%. Пра гэта паведаміў на паседжаньні аблвыканкаму, на якім разглядалася выкананьне праграмы, начальнік аддзелу транспарту і камунікацыяў аблвыканкаму Андрэй Гулідзін.

 

“Мерапрыемствы па праграме выкананыя толькі на 40% ад заплянаванага. З 2006 году ў рэгіёне пабудавана больш за 4,4 тыс. км дарог, асвоена Br1,9 трлн”, - канстатаваў начальнік аддзелу. Паводле яго слоў, галоўным стрымліваючым чыньнікам выкананьня праграмы зьяўляецца недастатковае фінансаваньне, з-за чаго аб’ём работ з году ў год скарачаўся. Калі ў 2006 годзе рэканструявана і адрамантавана 532 км мясцовых дарог і 965 м мастоў, то ў мінулым годзе - 45 км і 157 м адпаведна.

“Рост інтэнсіўнасьці руху і нагрузкі ад цяжкавагавага аўтатранспарту і скарачэньне дарожных работ сталі галоўнымі прычынамі пагаршэньня тэхнічнага стану аўтамабільных дарог. Дарожныя работы, якія праводзяцца цяпер, пераважна падтрымліваюць наяўны стан дарог. Гэтая сытуацыя не дазваляе ім адпавядаць міжнародным крытэрам”, - адзначыў Андрэй Гулідзін.

Як адзін з магчымых шляхоў выпраўленьня сытуацыі ён назваў скіраваньне на бягучы рамонт дарог сродкаў дзяржаўнай пошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу да руху. Цяпер гэтыя грошы выкарыстоўваюцца на рэканструкцыю і капітальны рамонт. “Кошт 1 км бягучага рамонту дарогі ў 2-3 разы ніжэйшы. Мэтазгодна разгледзець пытаньне накіраваньня сродкаў дзяржаўнай пошліны на гэты від рамонту”, - мяркуе начальнік аддзелу.

Таксама для вырашэньня праблем Андрэй Гулідзін прапануе камітэтам і упраўленьням аблвыканкаму сумесна з райвыканкамамі распрацаваць графікі пагашэньня дэбіторскай запазычанасьці перад дарожна-будаўнічымі арганізацыямі, якая складае каля Br30 млрд, з тэрмінам яе пагашэньня да 1 студзеня 2016 году. “Дарожным арганізацыям неабходна прапрацаваць пытаньне набыцьця тэхнікі, мэханізмаў і абсталяваньня айчыннай вытворчасьці ў доўгатэрміновы лізынг”, - сказаў на заканчэньне начальнік аддзелу.

Крыніца: БелТА