Чацвер, 27 Красавік 2023

Віцебскія ўлады спадзяюцца на развіццё гандлёвых адносінаў з Кітаем

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Як паведамляюць у камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама, прадпрыемствы Віцебскай вобласці з пачатку года паставілі ў рэгіёны Кітая прадукцыю больш як па 10 таварных пазіцыях.  Там адзначылі, што ў студзені-лютым вобласць паставіла ў КНР прадукцыю па 13 таварных пазіцыях, яны мяркуюць, што да канца года гэты спіс пашырыцца да 20. Для параўнання, больш за 780 прадпрыемстваў Віцебскай вобласці адгружаюць прадукцыю ў расійскія рэгіёны, гэта каля 1,3 тысяч таварных пазіцый на суму больш як 1 мільярд даляраў ЗША.

Паводле камітэта, асаблівым попытам у Кітаі карыстаецца тавары харчавання і сельскагаспадарчая сыравіна. Гэта мяса птушкі, малочная сыроватка, сухія сняданкі, кандытарскія вырабы, ільновалакно. Акрамя іншага, у Кітай Віцебская вобласць пастаўляе прысадкі да змазачных алеяў, вырабы дрэваапрацоўкі, шкловалакно, фітынгі і льнотканіны.

Сёння экспарт у Кітай па Віцебскай вобласці, як сцвярджаюць улады, узрос амаль ў два разы, усяго прадалі прадукцыі на 50 мільёнаў даляраў.

Але ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама скардзяцца на тое, што пандэмія аказала негатыўны ўплыў на міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, і для іх вельмі важна не толькі аднавіць кантакты, але і выйсці на новы ўзровень адносін.  Яны звяртаюць увагу на тое, што ў Кітаі знятыя каранцінныя абмежаванні, таму мясцовых партнёраў з правінцый, з якімі ў іх заключаныя дамовы аб развіцці так званых пабрацімскіх сувязяў, запрасілі для ўдзелу ў мерапрыемствах XI Міжнароднага эканамічнага форуму "Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы" з мэтай наладжвання далейшых кантактаў.

Гэты форум мае адбыцца ў Віцебску з 18 па 19 траўня ў летнім амфітэатры. Віцебскія ўлады чакаюць дэлегацыі з правінцый Гуйчжоу, Гуаньджоў, Хэйлунцзян, Цзянсу, Ціндао, Шаньдун, Чжэнцзян.

Сяргей Азёрны