Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 16 Сакавік 2023

Віцебскім школьнікам першыя пашпарты ўручыў пракурор

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сёлета выдача пашпартоў 14-гадовым падлеткам прымеркавана да Дня Канстытуцыі і ладзіцца ва ўрачыстай абстаноўцы. Праўда, на такія святочныя імпрэзы трапляюць не ўсе, а «лепшыя з лепшых», паводле высноваў школьных настаўнікаў. А вось лакацыі, абраныя для правядзення ўрачыстасцяў, часам уражваюць. Прыкладам, некаторым маладым віцяблянам пашпарты вырашылі ўручыць у абласной пракуратуры. Атрымалася не столькі віншаванне маладых людзей са значнай вехай у жыцці, колькі папярэджанне, што дзяржава сочыць за кожным іхным крокам.

Пашпарты школьнікам уручыў асабіста Пракурор вобласці Ігар Украінец. Ён нагадаў, што быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь – гэта не толькі пачэснае права, але і адказнасць за дзяржаву. У прыватнасці, абавязак за яе абарону.

Дзе яшчэ сёлета атрымалі першыя пашпарты віцебскія падлеткі? Прызёраў алімпіядаў і пераможцаў спартовых спаборніцтваў улады запрасілі на імпрэзу да Дня Канстытуцыі, арганізаваную ў абласной філармоніі. Чыноўнікі прыйшлі ў залю з чырвона-зялёнымі стужкамі на лацканах пінжакоў, на сцэне граў вайсковы духавы аркестр, а сямі вучням сярэдніх школ пашпарты ўручыў асабіста старшыня Віцебскага гарвыканкама Мікалай Арлоў.

Ён жа ўручыў пашпарты яшчэ 20-ці найлепшым вучням вобласці ў галерэі аблвыканкама. Школьнікам Кастрычніцкага раёну пашпарты ўручылі ў абласным краязнаўчым музеі, а вучням школ Першамайскага раёну – у гімназіі №5.

Адпаведныя імпрэзы прайшлі не толькі ў абласным цэнтры, але і ў рэгіёнах. У Мёрах, Лёзне і Оршы пашпарты маладым людзям таксама ўручалі ў музеях. У Шаркаўшчыне найлепшыя вучні атрымалі першы дакумент пра грамадзянства краіны на раённым форуме школьнай моладзі, а ў якасці «бонусу» іх звадзілі ў раённы аддзел МНС.

Лявон Каляда