Серада, 01 Сакавік 2023

Галоўны ідэолаг Віцебшчыны: як мага больш людзей уцягнуць у нашыя шэрагі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пытанні развіцця партыйнага праўладнага руху і работу грамадскіх арганізацый абмеркавалі ў Віцебску на пасяджэнні так званай Каардынацыйнай рады грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый вобласці.

Як адзначылі ўлады, акцэнт у сваёй рабоце грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі будуць рабіць у тым ліку на патрыятычным выхаванні. Не толькі моладзі, але і ў цэлым насельніцтва. Як паведаміў старшыня так званай праўладнай Каардынацыйнай рады Валяр'ян Мацкевіч, для гэтага ўлады нават стварылі план з сямі тэматычных блокаў, у якія ўключылі  68 мерапрыемстваў рознай накіраванасці.

Як сказаў Мацкевіч, імі былі ўпушчаныя моманты патрыятычнага выхавання, таму ў сувязі з гэтым праўладныя грамадскія арганізацыі прымуць актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні.

Паводле чыноўніка, на Віцебшчыне пройдуць акцыі, прымеркаваныя да Года міру і стварэння, тэматычныя канферэнцыі, гутаркі, круглыя сталы. Асабліва здзекліва ў яго словах гучыць “год міру і стварэння”. Вядома, які мір ствараюць улады Беларусі сумесна з Расеяй і што яны робяць з нашай краінай на самой справе. Больш дакладна тут гучала б “год вайны і разбурэння”.

Гаворачы аб фарматах сустрэч, удзельнікі віцебскай сходкі падкрэслілі, што  перавагу яны будуць аддаваць выхадам у працоўныя калектывы і дыялогавым пляцоўкам. Канешне ж, ніякіх акутальных пытанняў там гучаць не будзе. Амаль усіх апанентаў, якія б маглі з імі падыскутаваць, яны ці пасадзілі ў турмы, ці выгналі з краіны, ці прымусілі замаўчаць рознага роду рэпрэсіямі. Так што дыялогавыя пляцоўкі ў іх будуць самі з сабой, хоць яны і анансуюць, што  на іх можна абмяркоўваць пытанні сацыяльнай, патрыятычнай, эканамічнай скіраванасці.

Старшыня Віцебскай арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Ларыса Аленская сказала, што  яны будуць падтрымліваць і надалей  аўтапрабегі, велапрабегі, лыжныя паходы з наведваннем месцаў баявой славы. Быццам гэта спрыяе рухацца ім далей на карысць міру і стварэння. Вось такім чынам яна лічыць, што яны ствараюць мір і дабрабыт.

А яшчэ ўлады ставяць адной са сваіх задачаў -  садзейнічанне міжканфесійнаму дыялогу. Як адзначыла галоўны ідэолаг Віцебшчыны і разам з тым старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Марына Навіцкая, ролю грамадскіх арганізацый у раёнах па рабоце з канфесіямі трэба ўзмацніць.

Уяўляю, як яны будуць гэта рабіць. Вядома, што праваслаўная царква і так добра супрацоўнічае з уладамі, а вось, відаць, астанім канфесіям цяпер асабліва не пазайздросціш.

Напрыканцы сваёй прамовы, Навіцкая дала галоўны пасыл чыноўнікам і членам праўладных аб’яднанняў і партый Віцебшчыны: каб як мага больш людзей было ўцягнута ў нашыя шэрагі.

Вікторыя Хвошч